Беларусы моляцца на дождж


Ужо сёння ў Беларусі чакаюцца праліўныя дажджы і навальніцы, якія будуць трымацца на тэрыторыі краіны ўсе выходныя. Для большасці рэгіёнаў такое надвор’е як падарунак нябёсаў, але ў некаторых месцах ён зʼявіўся занадта позна.

Сёлета жыхарам Гарадзенскае вобласці не трэба лётаць у Грэцыю ці ў Турцыю, каб пагрэцца і загарэць. Толькі вось мясцовым ад гэтага радасці мала. Засушлівае гарачае надворʼе прыносіць адныя беды.

«Паліваем са студні, хоць там вады зусім мала. Хоць праз дзень, хоць патроху, але кожны кусцік», – распавядаюць жыхары вёскі Верцялішкі.

Сіноптыкі канстатуюць: такога анамальна засушлівага надворʼя на Гарадзеншчыне не было ўжо 70 гадоў. Заходнія часткі вобласці не бачылі дажджу ўжо 2 месяцы. Звычайна карабельны Нёман сплытчэў да такой ступені, што ў некаторых месцах раку можна перайсці ўброд.

«У гэтым годзе наўрад ці варта чакаць ураджайнасці большай за 35 цэнтнераў з гектара. Вядома, умовы не вельмі з-за надворʼя. І таму нават калі ўдасца атрымаць 35 з гектара, то за гэта аграрыяў нельга будзе папракнуць», – кажа галоўны рэдактар agrolive.by Іна Гармель.

Некаторыя пасяўныя культуры не перажывуць доўгае адсутнасці вады. Нават калі б дажджы прайшлі сёння, карані раслінаў ужо мёртвыя, і дапамагчы ім нічога не зможа. Такім чынам па ўсёй краіне загінула 2 адсоткі ўсіх пасеваў, яшчэ тры з паловаю – пашкоджаныя, кажуць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Тая ж бяда і ў лясах. Пасаджаныя дрэвы засухі не перажывуць. Ва ўсёй вобласці ўсталяваны найвышэйшы, пяты, узровень пажарнае небяспекі. Уваход у лес строга забаронены, але і хадзіць туды няма сэнсу.

«Грыбоў не будзе, калі такая спякота будзе. Ягада такая дробная ў лясах, што немагчыма збіраць гэта», – скардзіцца жыхарка вёскі Верцялішкі.

Як паведамляла радыё «Свабода», у цэрквах і касцёлах Беларусі апошнімі днямі праходзілі малебны за дождж. Пытанне веры, ці гэта дапамагло, але ўжо сёння ўвечары на большасці тэрыторыі краіны выпадуць ападкі.

Ігар Кулей, «Белсат». Фота: budetezdorovy.ru