Беларусы Масквы ладзяць акцыі пратэсту ў падтрымку суайчыннікаў


Цягам пяці месяцаў, што вечар неабыякавыя беларусы сустракаюцца насупраць беларускае амбасады ў Маскве дзеля падтрымання сваіх суайчыннікаў.

«На плакаце малая частка загінулых людзей, загінулых маладзёнаў, апошні нашумелы выпадак – гібель Рамана Бандарэнкі. 31 год, мастак, вельмі светлы чалавек», – кажа ўдзельніца акцыі Святлана.

Святлана – былая лекарка-рэаніматолаг, дзесяць гадоў адпрацавала ў шпіталі хуткае дапамогі ў Менску. Ужо 20 гадоў як жыве ў Маскве. З пачатку жнівеньскіх пратэстаў рэгулярна прыходзіць сюды, на вуліцу Марасейка, дзе месціцца амбасада Беларусі.

«Мне яшчэ ў жніўні ўдалося пабываць у Менску з роднымі і нават выйсці на той знакаміты марш, які, як мы ўсе думалі, будзе пераломным», – узгадвае жанчына.

Адной з першых на акцыі пратэсту да амбасады пачала прыходзіць Наталля. Яна працуе ў Маскве 25 гадоў. Нягледзячы на тое, што кабета даўно не жыве ў Беларусі, падзеі на радзіме не пакінулі яе абыякавай:

«Калі выйшлі жанчыны ў Менску, гэта быў найбольш кранальны момант, калі я пабачыла, што жанчыны выйшлі за сваіх сыноў, мужоў, якіх арыштоўвалі, збівалі. Я адчувала тое самае, я не магла ні есці, ні спаць, ні штосьці рабіць, я нават звольнілася з працы. Даўно хацела, але (падзеі сталіся) яшчэ адным штуршком», – цвердзіць Наталля.

Сяргей у Маскве амаль 11 гадоў, у акцыях пачаў браць удзел яшчэ ўлетку.

«Тое, што адбываецца ў Беларусі, – яно пачалося не сёння, яно пачалося ў 1995 годзе. Я буду выходзіць, пакуль краіна не станецца вольнаю!», – кажа ён.

Ігар прыходзіць да амбасады штонядзелю, пачынаючы з жніўня. У Маскве ён больш за 20 гадоў, працуе на будоўлі. Кажа, што гатовы пратэставаць да перамогі, нават нягледзячы на маразы:

«Мерзнем, але што рабіць. Спадзеў грэе, зямляцтва грэе. Пажадаю Беларусі – каб усё ж прайшла гэты шлях годны, як найхутчэй перамагла ў гэтым і каб гэта сапраўды ніколі не забылася».

Ніводны дзень акцыі не абыходзіцца без умяшання паліцыі, сведчыць удзельніца акцыяў Вікторыя:

«Да нас пастаянна прыходзяць, калі мы стаім з плакатамі, у нас заўжды фатаграфуюць пашпарты, вельмі часта просяць плакаты прыбраць. Здаралася, што не дазвалялі вымаць сімволіку, таксама прасілі схаваць, бывае просяць надзець маскі і сыходзяць. Вельмі па-рознаму. На акцыю выходзяць і тыя, хто пацярпеў праз рэжым Лукашэнкі летась у жніўні».

«У ноч з 10-га на 11-га мяне схапілі ў цэнтры Менску, і да 15 чысла я быў на Акрэсціна, то бок у той самы час, калі людзей катавалі, збівалі, гвалцілі і здзекаваліся з іх. Я вярнуўся ўвесь сіні: сінія ногі, рукі, фінгал пад вокам», – кажа Арцём.

Маладзён жыве ў Цверы, у Маскву прыехаў адмыслова, каб сёння ўпершыню выйсці да амбасады. Апошнія два месяцы ён адбываў стажаванне ў адной з праваабарончых арганізацыяў, дакументаваў факты гвалту, катаванняў і жорсткіх затрыманняў у Беларусі:

«Фраза пра Гаагу набіла ўсім аскому, я яе не люблю, але тут рэальна трыбунал. І стаіць за гэтым менавіта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён не можа не ведаць пра гэта».

Нягледзячы на дзеянні паліцыі ды на халоднае надвор’е, ля беларускае амбасады штодня гучыць: «Жыве Беларусь!»

Аксана Гандзюк, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў