Беларусы купляюць у замежных онлайн-крамах праз беднасць беларускага асартыменту


Беларусы ўсё больш пакупак робяць праз інтэрнэт, хоць рынак электроннай камерцыі ў нас пакуль толькі пачынае развівацца – заявілі сёння ў сталіцы адмыслоўцы ад онлайн-гандлю. Што і дзе набываюць у сеціве нашыя суграмадзяне?

Кожны другі беларус летась закупляўся онлайн – вынікае з даследавання кампаніяў Deal.by і Ozon, прэзентаванага сёння ў Менску. Найбольш набываюць праз інтэрнэт касметыку, вопратку і абутак, тэхніку і электроніку, а таксама тавары для дзяцей.

Дзмітрый Лаўроў, кіраўнік міжнароднай дастаўкі Ozon:

«Па Беларусі сярэдні чэк складае каля 3300 рублёў. Што з’яўляецца дастаткова блізкім да сярэдняга чэку па Расейскай Федэрацыі. Што паказвае, што ў сярэднім пакупніцкая здольнасць практычна аднолькавая. Доля е-кома ў Беларусі складае ад 3 да 4 %, то бок рынак яшчэ ў сваёй стадыі развіцця, і ў пакупніка яшчэ няма звычкі набываць у інтэрнэце».

Пры гэтым расце доля беларусаў, якія набываюць тавары на замежных онлайн-пляцоўках. 98 адсоткаў з іх робяць пакупкі ў кітайскіх крамах. Каля паловы пакупнікоў – узростам да 30 гадоў. А беларускім крамам давяраюць людзі больш сталага веку.

Максім Марыніч, кіраўнік Deal.by, распавядае:

«Гэта пытанне кошту. Бо беларусы дастаткова чуллівыя да пытання кошту. Другі фактар – гэта адсутнасць асартыменту. І мы гэта бачым асабліва па абласных гарадах і па вобласцях. Вельмі вялікі адсотак пакупнікоў на кітайскіх і іншых замежных сайтах проста таму, што ў вобласцях няма дастатковага асартыменту».

Дзеля спрыяння развіццю айчыннага малога і сярэдняга бізнесу цяпер ствараюць Асацыяцыю інтэрнэт-камерцыі. Яна мае выступаць адвакатам інтарэсаў беларускага малога і сярэдняга бізнесу, якому складана канкураваць з замежнымі крамамі з-за неабходнасці праходзіць сертыфікацыю.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю:

«Неабходна падтрымліваць і айчыннага прадаўца, і айчыннага вытворцу перш за ўсё. На жаль, мы апошнія гады назіраем тэндэнцыю падзення долі продажу тавараў менавіта беларускай вытворчасці. Асабліва востра стаіць пытанне па нехарчовых таварах».

Падтрымліваць можна па-рознаму. Вось старшыня праўлення «Беллегпраму» Таццяна Лугіна, яна прапанавала ўвесці дадатковыя рэгуляванні для крамаў сэканд-хэнд. Маўляў, гэта яны замінаюць развівацца айчыннай лёгкай прамысловасці. Але такія захады ў сеціве не працуюць.

Кіраўнік Deal.by Максім Марыніч каментуе:

«Гэта ілюзія, што забаронныя меры камусьці ў чымсьці дапамагаюць. Часта забаронныя меры вельмі расслабляюць лакальных гульцоў і іх нічога не падштурхоўвае. Беларускім пляцоўкам, інтэрнэт-крамам трэба расціць сэрвіс. Вось на гэта звяртаць увагу – сэрвіс і асартымент».

І пакуль што беларусы ў сярэднім усё-такі больш грошай пакідаюць у айчынных інтэрнэт-крамах, чымся ў замежных, – 70 рублёў супраць 25-ці на чэк. Але выдаткі ў замежных крамах растуць, асабліва з улікам дазволу беспадаткова атрымліваць пасылкі на дзвесце еўра ў месяц.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu