Беларусы крытычна абяднеюць. Прагноз Сусветнага банку значна пагоршыўся


У гэтым годзе будзе горш, у наступныя – яшчэ горш. Рост беларускай эканомікі яшчэ мацней запаволіцца. Сусветны банк апублікаваў новы прагноз. А ў ім і прычыны стагнацыі і рэцэпт, як аздаравіць эканоміку.

Яшчэ не аднавілі ВУП узроўню 2014 года, а ўжо запавольваемся. Сусветны банк панізіў прагноз адносна развіцця эканомікі нашай краіны на найбліжэйшыя тры гады.

«Увесь свет развіваецца недзе 3,5 %, астатнія – хто лепш, хто горш. Мы – горш», – кажа эканаміст Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Яшчэ ў пачатку года Сусветны банк прарочыў рост нашаму ВУП 2,7%. Сёння ж гавораць ужо пра 1,8%. Прагноз на наступныя гады абваліўся яшчэ мацней. І гэта пры дапушчэнні, што Беларусь атрымае кампенсацыю ад расейскага нафтавага манеўру прынамсі ў палавінчатым памеры.

«Мы трапілі ў пастку стагнацыі. Трэба з яе выходзіць не традыцыйнымі для дзяржплану метадамі, а зусім іншымі», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік Цэнтру Мізэса.

Зацягнуць паясы? Пацярпець? Бальшыня з дзесяці апытаных намі магілёўцаў гатовыя пайсці на такі крок, але толькі тады, калі ўбачаць у гэтым сэнс:

«Вядома, пакідаць усё як ёсць нельга ніяк».

«Трэба нешта ў нашай эканоміцы мяняць. Бо яна застойная ўжо з канца 90-х гадоў».

«У нас такія светлыя галовы сядзяць на вышыні, што лепш… Яны ведаюць, што рабіць».

«Вядома, для дзяцей можна пацярпець. Але лепш адразу лепей!»

«Дык лепей пажыць трохі горш пару гадоў, а потым лепей. Як у Польшчы было! Ім сказалі канкрэтна: падцягніце паясы 5-10 гадоў, а потым лепш будзе!»

Дзікага капіталізму Сусветны банк аднак не прапаноўвае. Наадварот, кажа пра неабходнасць фінансава падтрымаць беспрацоўных і маламаёмасных грамадзянаў. Сродкі на гэта арганізацыя раіць выдзеліць за кошт рэструктурызацыі неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў.

Яраслаў Раманчук канстатуе:

«Віцэ-прэм’ер казаў, што ўклалі 4 мільярды долараў, а ўсе дрэваперапрацоўчыя камбінаты – стратныя. Шкло, папера, цэлюлоза, МАЗ – стратныя. Лягчэй назваць тыя прадпрыемствы, якія не стратныя».

Паводле Яраслава Раманчука, прадпрыемствы, што марнуюць грошы падаткаплатнікаў, трэба прыватызаваць. Менавіта рэжым адкрытай канкурэнцыі зможа выправіць сітуацыю, але замест гэтага ў Беларусі працягваюць рэалізоўваць дзяржаўнае планаванне.

«Значная частка беларускага істэблішменту не верыць у эканамічныя заканамернасці. Верыць у наўпроставыя загады, у тое, што калі загадаеш, калі закрычыш, то тады вось пойдзе справа на паляпшэнне», – каментуе Пётр Рудкоўскі, дырэктар BISS.

Летась у снежні ў адмысловым указе Аляксандр Лукашэнка аптымістычна вызначыў, што рост ВУП Беларусі сёлета мае быць не менш за 4%. Але бюджэт прапісалі з улікам больш стрыманай лічбы – 2,1%. У траўні Аляксандр Лукашэнка ўсклаў асабістую адказнасць за рост эканомікі на прэм’ера Сяргея Румаса:

«Вы мне больш не пішыце гэтых дакладаў, вы проста губляеце час. Трэба два радкі: чаго вы дамагліся станоўчага?» (21.05.2019)

Вось толькі як дамагчыся нечага станоўчага, калі для сапраўдных рэформаў няма палітычнай волі?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu