Беларусы кінуліся купляць замежнае. Ці абрынецца эканоміка?


Атрымалі грошы і кінуліся купляць замежнае. Рост спажывецкага імпарту ў Беларусі даганяе тэмпы, якія папярэднічалі дзвюм мінулым дэвальвацыям. Улады выказваюць занепакоенасць. Якія наступствы гэта можа мець для эканомікі?

Грошы выцякаюць з краіны. Паводле інтэрнэт-выдання «Naviny.by», беларускія ўрадоўцы выказваюць заклапочанасць з усплёску спажывецкага імпарту.

Наплыў замежных тавараў ёсць вынікам падвышэння заробкаў напрыканцы мінулага года і сёлета. А таксама – вынікам рэзкага росту спажывецкага імпарту.

Летась увоз у нашую краіну замежных тавараў спажывання павялічыўся на 17 адсоткаў. Сёлета – яшчэ на чвэрць. Гэта толькі нязначна менш за той рост, які папярэднічаў абвальным дэвальвацыям 2011-га і 2015-га гадоў.

«Запаланілі імпартам! Але народ павінен разумець, што імпартная шмотка – гэта не толькі вялікія грошы з ягонай кішэні. Гэта і адсутнасць працы ў сябе», – абураўся Лукашэнка.

Што праўда, гэтым разам, у адрозненне ад папярэдніх усплёскаў спажывецкага імпарту, ён суправаджаецца і ростам беларускага экспарту. Перадусім – дзякуючы падаражэнню нафты і калію, а таксама павелічэнню энергетычнай датацыі ад Расеі. У выніку дэфіцыт плацежнага балансу – то бок колькасць валюты, якая штогод выцякае з краіны, – зменшыўся летась удвая ў параўнанні з пазамінулым годам. Таму абвалу рубля сёлета ці нават налета адмыслоўцы не чакаюць. Але пры ўмове, што ўлады перастануць павялічваць заробкі хутчэй, чымся расце прадукцыйнасць працы. То бок існая эканамічная сістэма зноў набліжаецца да свайго максімальнага ўзроўню дабрабыту людзей. Што ж да чарговага эканамічнага крызісу, былы старшыня беларускай парламенцкай камісіі ў эканоміцы Васіль Шлындзікаў прагназуе яго ў сярэднетэрміновай перспектыве – праз 2–3 гады.

«Такая эканоміка функцыянаваць нармальна не можа. Рана ці позна гэта ўсё роўна здарыцца», – мяркуе Шлындзікаў.

Імпарт бульбы ў Беларусь павялічыўся летась удвая – амаль да 20-ці тысяч тонаў. Завоз у краіну электронікі прырастае на чвэрць ужо другі год запар. Замежных аўтамабіляў, па выніках двух месяцаў сёлета, нашыя суайчыннікі закупілі амаль удвая больш, чымся летась.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»