Беларусы ды ўкраінцы вырашылі, як змагацца з Расеяй


Пагражаючы незалежнасці Беларусі, Расея насамрэч пагражае і Украіне, а супрацьстаяць імперскім амбіцыям можна толькі супольнымі высілкамі – ствараючы агульны інфармацыйны фронт ды Балта-Чарнаморскі саюз. Беларуская апазіцыя ў Кіеве сустрэлася з украінскай. Пра што яшчэ размаўлялі?

Улады Беларусі занадта доўга карысталіся эканамічнымі прэферэнцыямі ад Расеі і канчаткова ад яе ўзалежніліся. Аўтарытарнасць Лукашэнкі, адсутнасць у Беларусі моцных нацыянальных сілаў і прысутнасць моцных прарасейскіх настрояў, паводле ўкраінскіх палітыкаў, толькі спрыяюць рэалізацыі расейскага сцэнара.

«Нашыя краіны маладыя, яны хочуць увайсці ў цывілізаваны свет, а крамлёўская ваеншчына робіць усё, каб гэтага не адбылося, – кажа былы амбасадар Украіны ў Менску, палітык Раман Бяссмертны. – І галоўная мэта ў гэтага – адраджэнне імперыі, бо Крэмль – як дзяржава без імперскай ідэалогіі – без захопу нашых тэрыторыяў існаваць не можа».

Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы з Беларуссю, Польшчай ды краінамі Балтыі, паводле ўкраінцаў, – стратэгічнае заданне ўсіх, хто прагне выйсці з-пад расейскага ўплыву. Пры гэтым ва Украіне засцерагаюць беларусаў перад тым, каб асацыяваць Лукашэнку з дзяржаўным суверэнітэтам і верыць чарговым сігналам лібералізацыі.

«Сённяшнія паводзіны Лукашэнкі накіраваныя на тое, каб кожны беларус сябе праявіў. У вялікім і малым, каб паказаў сваю пазіцыю. Узгадайце 2010 год, калі з вясны чамусьці ў Беларусі загаварылі пра дэмакратыю. Чым гэта скончылася ў ноч выбараў? Арыштаваныя былі 648 чалавек, пераважная большасць гэтых грамадзянаў цяпер за мяжою», – нагадвае Бяссмертны.

У сустрэчы ў кіеўскай гарадской адміністрацыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ і руху салідарнасці «Разам», а таксама ўкраінскія палітыкі, даследчыкі, былыя палітвязні Крамля. Лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок кажа:

«Вельмі цікавыя былі факты прысутнасці ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі ды іхных інструктараў на тэрыторыі Беларусі, іхная дзейнасць, вайна інфармацыйная, якая ўжо вядзецца – такі абмен інфармацыі нам вельмі дапаможа ў супольных кроках».

Якімі ж будуць гэтыя крокі?

«У першую чаргу гэта інфармацыйная кампанія і звароты – і да грамадзянаў Беларусі, да грамадзянаў Украіны, і да грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Там таксама павінны ведаць пра планы свайго кіраўніцтва. Звароты да еўрапейскіх краінаў, ЗША», – пералічвае старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Хаця, паводле выступоўцаў, Расея разумее толькі мову сілы, супрацьстаянне ёй трэба пачынаць з гарызантальных сувязяў, стварэння аб’яднанняў, няхай сабе напачатку немілітарнага характару.

«Пакуль добраахвотны батальён, вы ў сваім горадзе вазьміце купку моладзі і ўзгадуйце іх, зрабіце клуб, ніхто вам не забараняе, турыстычны, ваенна-патрыятычны клуб, згуртуйце іх, – заклікае стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба. – Любая агульная справа аб’ядноўвае людзей. Гэта тое, што патрэбна на сённяшні дзень».

Пры гэтым аб’ядноўвацца трэба і між краінамі, бо, як адзначылі на сустрэчы, лёс Беларусі часткова вызначаецца ва Украіне, гэтак, як і лёс Украіны – у Беларусі.

Адэля Дубавец belsat.eu