Беларусы дамагаюцца прызнання на міжнародным узроўні беларускай жэставай мовы


23 верасня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень жэставай мовы. Ёй у Беларусі карыстаюцца каля 10 тысяч чалавек. Грамадскія аб’яднанні намагаюцца надаць беларускай жэставай мове адметны статус.

Кацярына нарадзілася і вырасла ў Менску. Яна не чуе ад нараджэння. У яе трое дзяцей – таксама з парушэннем слыху.

Кацярына Ялпаева, настаўніца спецшколы № 13:

«Я жыву ў Беларусі і вельмі часта сустракаюся з расейцамі. І часам узнікае блытаніна: у нас адныя тэрміны, а ў іх – свае. Мы заўсёды кажам, што мы з Беларусі».

Беларускае таварыства глухіх актыўна працуе, каб жэставая мова глухіх людзей у нашай краіне называлася беларускай. На працягу ўсяго верасня яны ладзяць Марафон жэставай мовы, дзе распавядаюць пра сваю культуру і намагаюцца акцэнтаваць увагу на беларускасці.

«На жаль, сёння беларуская жэставая мова мае статус мовы міжасабовых зносін. То-бок, пакуль што яна не прызнаная», – тлумачыць Святлана Ганеева, намесніца старшыні Беларускага таварыства глухіх.

«Вітаю», «Дзякуй», «Калі ласка» – гэтыя словы на жэставай беларускай мове выглядаюць гэтак сама, як і на жэставай расейскай, украінскай ці нават казахскай. Але спецыялісты падкрэсліваюць – галоўнае, што жэставая мова развіваецца на тэрыторыі Беларусі.

Таццяна Ганчарык, галоўны спецыяліст Беларускага таварыства глухіх:

«Беларусы ў асноўным гавораць «Белая Русь». Часта нас паказваюць трошкі іначай, можа быць проста дактылема «Бэ». Ёсць некалькі розных жэстаў».

Сёння Беларускае таварыства глухіх намагаецца надаць беларускай жэставай мове асаблівы статус у новым законапраекце «Аб правах людзей з інваліднасцю і іх сацыяльнай інтэграцыі». На баку таварыства – Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, якая ў 2017 годзе прыняла рэзалюцыі аб нацыяналізацыі жэставых моваў.

Святлана Ганеева, намесніца старшыні Беларускага таварыства глухіх:

«І мы намагаемся зрабіць яго, мы намагаемся, каб у новым законе «Аб правах людзей з інваліднасцю і іх сацыяльнай інтэграцыі» адмысловы артыкул пра жэставую мову насіў назву сваёй краіны».

Беларускую жэставую мову ўсё больш шырока прызнаюць на міжнародным узроўні, сцвярджаюць нашыя суразмоўцы.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu