Беларусы бяруць больш крэдытаў, бо сталі лепш зарабляць


Агульная сума крэдытаў, узятых беларусамі – Br 12 млрд. Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Гэта рэкорд: беларусы набралі небывалую суму крэдытаў – каля $ 6 млрд, або 1/10 ад ВУП краіны.

Агульная сума крэдытаў, выдадзеных нашым суайчыннікам – Br 12 млрд. Больш за палова – гэта крэдыты на жыллё. І памер жыллёвага крэдытавання насельніцтва стабільна расце – разам з коштам на квадратны метр.

«Тут справа не толькі ў жаданні чалавека ўзяць грошы, але і ў аб’ектыўнай магчымасці гэтыя грошы вяртаць. Таму сувязь тут вельмі жорсткая. Чым больш у сярэднім насельніцтва зарабляе, тым больш у суме яно можа набраць крэдытаў».

У той жа час Нацыянальны банк канстатаваў запавольванне росту эканомікі, звязанае з падзеннем пакупніцкай здольнасці насельніцтва і паніжэннем унутранага попыту. Адпаведна, крэдытныя праграмы мусяць разварочвацца яшчэ больш, каб даць штуршок для далейшага развіцця эканомікі.

Відэаэпартаж Змітра Міцкевіча глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 мая:

З агульнага правіла «больш даходаў – больш крэдытаў» бываюць і канкрэтныя выключэнні. Гэтак, цяпер у Беларусі працуе цэлы шэраг нетыповых крэдытных праграмаў: напрыклад, на вопратку ці турыстычныя пуцёўкі. А крэдыт на футра даўно стаў айчынным мемам.

«Калі ўжо людзі бяруць крэдыты на тое, каб падрыхтаваць дзяцей да школы ці на ежу, бо можна за кошт картачных крэдытаў і ежу набываць, то гэта сведчыць пра вялікія праблемы з даходамі», – кажа «Белсату» эканаміст Сяргей Балыкін.

Калі сітуацыя з крэдытамі для насельніцтва не стварае пагрозы стану эканомікі, а хутчэй адпавядае яе росту, то традыцыйныя пазыкі для стабільна стратных прамысловых прадпрыемстваў – зусім іншы выпадак, кажа аналітык Вадзім Іосуб.

«Ёсць дырэктыўныя крэдыты. Асноўная праблема – гэта груз крэдытаў, якія выдаваліся ў мінулым. Яны выдаваліся неплацежаздольным пазычальнікам, і гэта сапраўды пагроза. І не толькі для банкаўскай сістэмы, але і для эканомікі краіны. Таму што вяртанне шмат якіх такіх дрэнных крэдытаў гарантавана дзяржавай».

Гэтак, на цяперашні момант агульная запазычанасць айчынных буйных і сярэдніх прадпрыемстваў складае каля Br 74 млрд, а гэта больш чым у шэсць разоў перавышае аб’ём крэдытаў насельніцтву. За мінулы год аб’ём крэдытаў прамысловасці вырас ажно на 12 %. Калі ж прадпрыемствы не вярнуць пазычанае, кампенсаваць грошы банкам будзе дзяржаўны бюджэт. Дарэчы, Лукашэнка ўжо публічна папярэджваў кіраўнікоў з галіны прамысловасці аб недапушчальнасці такога сцэнара.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»