Аб'ектыў 03.07.2019 Беларусы будуць іначай плаціць за электрычнасць


Ад пачатку месяца ўрад увёў так званую трохзонавую дыферэнцыяцыю аплаты. Саўмін запэўнівае, што змена дазволіць знізіць выдаткі спажыўцоў за электрычнасць. А як насамрэч?

Разгрузіць электрасеткі ў час іх найбольшай занятасці. З гэтаю дэклараванаю мэтаю некалькі гадоў таму ўрад увёў дыферэнцыяцыю аплаты паводле часавых зонаў. Простымі словамі ўначы і ўдзень электраэнергія каштавала танней, каля 12 капеек за кілават-гадзіну. А з 17:00 да 22:00 – утрая даражэй.

Цяпер улады рэфармавалі гэтую сістэму праз увядзенне не дзвюх часавых зонаў, як было дагэтуль, а трох. Найбольш істотная змена датычыць найдаражэйшага перыяду – вечаровага. Урад знізіў тарыф на яго на 10 %, але падоўжыў яго працягласць на 20 %. Цяпер да звышдарагога перыяду дадалася адна гадзіна – з 22:00 да 23:00.

«Такі мудрагелісты спосаб – ён не зусім зразумелы будзе для насельніцтва. Насельніцтву будзе здавацца, што нічога не памянялася, але насамрэч людзі будуць плаціць нашмат болей», – мяркуе экс-кіраўнік Шклоўскага ЖКГ Рыгор Кастусёў.

У пастанове Саўміну гаворыцца, што калі людзі перанясуць сваё звыклае спажыванне электраэнергіі паміж 22:00 і 23:00 на іншы час, ноч або раніцу, то змогуць эканоміць, дзякуючы новай рэформе, каля 11 % ад штомесячнага рахунку за электрычнасць. Наколькі гэта магчыма, мы спыталіся жыхароў Менску:

«Для нас не праблематычна. З 22:00 да 23:00 мы кладземся ў ложкі».

«Радасці няма – гэта фінансавыя выдаткі».

«Улічваючы, што на вуліцы ў гэты час цёмна, святло мы выкарыстоўваем прыстойна».

«Ну не пры свечках жа сядзім».

«Калі ты манапаліст, чаму кошты не ўзвінціць? Ніхто ж нічога не скажа».

«Казна пустая, кароль голы».

Старшыня аднаго з прыватных ЖЭСаў Віктар Кліменка тлумачыць: з аднаго боку насельніцтва павінна плаціць поўную цану за электрычнасць, бо грошай на датацыі ў бюджэце болей не стае, і ўрад вымушаны ўлазіць у пазыкі, за якія потым трэба плаціць адсоткі. І гэтыя адсоткі потым кладуцца на плечы тых жа звычайных беларусаў – за кошт меншых заробкаў і вышэйшых коштаў.

Але былы старшыня Шклоўскага ЖКГ Рыгор Кастусёў канстатуе: замест таго, каб падымаць тарыфы на электраэнергію, улады маглі б скараціць яе сабекошт праз змаганне з неэфектыўнасцю і карупцыйнымі схемамі ў сістэмах «Белэнерга» і ЖКГ.

«Карупцыйны чыннік у павышэнні тарыфаў на электраэнергію грае, паводле маіх падлікаў, да 30 %», – заявіў Рыгор Кастусёў.

Як паказала сёлетняе расследаванне «Белсату», кіраўніцтва «Белэнерга» аддае падрады на абслугоўванне айчыннай энергетычнай інфраструктуры шэрагу прыватных манапалістаў, якія завышаюць кошты на свае паслугі ў разы і выводзяць потым гэтыя грошы з краіны праз фірмы-прывіды і замаўленне фіктыўных паслугаў у сваіх афіляваных структураў. Нядаўняя чыстка ў энергетыцы, нягледзячы на звальненне некалькіх урадоўцаў, пакінула гэтыя схемы без зменаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары