Беларускія ўлады могуць легалізаваць крыптавалюты


Беларусь можа стаць самаю прасунутаю краінай у свеце ў справе рэгулявання тэхналогіяў блокчэйн. Улады могуць фактычна легалізаваць крыптавалюты. Гэта адна з навацыяў, планаваных у межах анансаванага пакету заканадаўчых актаў, накіраваных на лібералізацыю дзелавога клімату ў Беларусі. На якой стадыі цяпер распрацоўванне гэтых дакументаў, што вядома пра іх змест і які гэта можа даць вынік?

Беларусь – нацыя стартапаў

Пад гэтым слоганам у Менску праходзяць сустрэчы ў межах глабальнага тыдня прадпрымальніцтва, на якіх бізнесоўцы і чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасці інавацыйнага прарыву ў айчыннай эканоміцы.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у прывітальным слове на адкрыцці форуму паабяцаў максімальную адкрытасць уладаў да дыялогу з бізнесам.

«Безумоўным прыярытэтам дзяржавы зʼяўляецца рашэнне задачаў па павышэнні інтарэсу да прадпрымальніцкай дзейнасці. Стварэння магчымасцяў для развіцця малых і сярэдніх кампаніяў», – сказаў Андрэй Кабякоў.

Пэўныя крокі ўладаў насустрач прадпрымальнікам ужо назіраюцца

Прадстаўніца Банку развіцця, які ўдзельнічае ў арганізацыі форуму, у каментары нашаму тэлеканалу, распавяла, што яе банк вылучыў малому і сярэдняму бізнесу сёлета крэдытаў больш, чым за ўсю сваю папярэднюю гісторыю разам узятую.

«За няпоўны 2017 год мы прафінансавалі больш за 90 мільёнаў беларускіх рублёў. Што істотна перавышае, ужо ў разы, увесь мінулы год», – кажа Юлія Кавецкая з аддзелу малога і сярэдняга бізнесу Банку развіцця.

Што праўда, як прызнаўся «Белсату» старшыня Банку развіцця Сяргей Румас, хоць малому бізнесу і вылучаецца цяпер значна больш грошай, чым дагэтуль, але іх доля ў банкаўскім партфелі ўсцяж невялікая. Ільвіная частка рэсурсаў па-ранейшаму ідзе на крэдытаванне, а па сутнасці субсідаванне стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.

Таму крэдыты для бізнесу ў нас даражэйшыя, чым у суседзяў, і іх мала

«У структуры балансу нашага банку, удзельная вага падтрымання МСП параўнаўча невялікі. Каля 7%», – кажа Сяргей Румас.

Вялікія надзеі дзелавая супольнасць ускладае на анансаваны пакет з дзесяці прэзідэнцкіх указаў і дэкрэтаў, накіраваных на лібералізацыю дзелавога клімату ў Беларусі. Намеснік міністра эканомікі Васіль Мацюшэўскі распавёў «Белсату», што згаданыя дакументы праходзяць цяпер апошнія стадыі ўхвалення.

«Трэба проста напісаць новы дакумент, які адменіць усе старыя. Гэта – першае. Другое – трэба проста дапрацаваць іх так, каб нічога не забыць, кажучы простай мовай», – сказаў Васіль Мацюшэўскі.

Частка з гэтых актаў накіраваная на спрашчэнне законаў і на абмежаванне дзейнасці кантрольных органаў

Асобны кірунак – пашырэнне кампетэнцыі Парку высокіх тэхналогіяў. Сярод іншага, калі чуткі пра змест дэкрэтаў апраўдаюцца, Беларусь можа стаць самаю перадавою краінай у свеце ў справе лібералізацыі што да рэгулявання крыптавалютаў і тэхналогіяў блокчэйн, распавядае прадстаўнік сінгапурскага венчурнага фонду, спецыялізаванага на інвестыцыях у высокія тэхналогіі.

«Калі ўсё будзе прынята так, як я чуў, то гэта будзе рэвалюцыйны крок», – кажа Уладзіслаў Салодкін, распарадца венчурнага фонду «LIFE.SREDA», Сінгапур.

Легалізацыя крыптавалютаў дазволіць пусціць лішкі электраэнергіі з будаванай атамнай станцыі на майнінг. Спрошчана кажучы, на друкаванне электронных грошай. Што праўда, адзначае адмысловец, іншыя краіны свету, у адрозненне ад Беларусі, недарма асцярожнічаюць у справе легалізацыі блокчэйну.

Бо хоць «Біткойн» і лічыцца перспектыўным кірункам, але пакуль гэтыя тэхналогіі – занадта непрадказальныя і ў кароткатэрміновай перспектыве нясуць патэнцыйныя пагрозы для існай фінансавай сістэмы. Што да майнінгу крыптавалютаў пры дапамозе атамнай энергетыкі, то патэнцыйныя выгады ад гэтага – ненадоўга.

«Два ці тры дні таму Сіці-банк выпусціў рапарт, што да 2022-га году, майнінг стане, у прынцыпе, стратнай галіной, бо сабекошт вырасце так, што будзеш вырабляць сабе ў страту», – кажа Уладзіслаў Салодкін, распарадца венчурнага фонду «LIFE.SREDA», Сінгапур.

Агулам адмыслоўцы прызнаюць, што ў справе развіцця парку высокіх тэхналогіяў, нягледзячы на пэўныя рызыкі, ёсць і вялікі патэнцыял. Між тым у рэальным сектары перспектывы ўсцяж несуцяшальныя. У кітайска-беларускім індустрыяльным парку, які, прапанаваўшы інвестарам надзвычайныя ільготы, меў стаць такім жа трамплінам для прамысловасці, якім парк высокіх тэхналогіяў стаў для IT, за пяць гадоў працы не пабудавалі аніводнага заводу. Прычына – у тым, што ані замежныя інвестары, ані айчынныя не вераць, што ў выпадку супярэчнасцяў з уладамі ім удасца абараніць свае інвестыцыі ў беларускіх судах.

Станіслаў Івашкевіч