Беларускія суды працуюць на апраўданне катаванняў

Суд Маскоўскага раёну сталіцы пакараў 15 соднямі арышту Змітра Дашкевіча. Вядомага актывіста і грамадскага дзеяча затрымалі на маршы ў нядзелю. Пастанову вынесла не менш вядомая ў палітычных прысудах Таццяна Моталь.

Яшчэ ўчора на разглядзе справы былы палітвязень заявіў пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Пра гэта ў сваім «Фэйсбуку» напісала жонка Змітра – Наста Дашкевіч.

«Данесці гэтую пазіцыю было адным з пасланняў суда. Другім пасланнем суда было папярэдзіць суддзю пра адказнасць перад нябёсамі, задумацца пра свой лёс далейшы, пра лёс правасуддзя ў цэлым. Што ён свой тэрмін адседзіць, які яму выпішуць, але што будуць яны рабіць, калі сітуацыя ў краіне зменіцца», – кажа Наста Дашкевіч.

Трываюць суды над затрыманымі падчас мірных акцыяў пратэсту і ў іншых гарадах. Так, у Кастрычніцкім судзе Горадні на 540 рублёў аштрафавалі блогера Вадзіма Ермашука за пікет 30 жніўня.

«Я думаю, нашыя справы ўжо вядомыя загадзя. Калі чалавек прыходзіць на суд, ёсць рашэнне: даць штраф, папярэджанне ці содні. Тое, што мы абараняем сябе, падаём доказы, ніяк не разглядаецца», – мяркуе Вадзім Ермашук.

За ўдзел у мітынгу ў той жа дзень у Магілёве судзілі Аляксандра Сцерліна. Аднак суддзя Ленінскага раёну Таццяна Рахманенка адправіла справу на дапрацоўванне ў РАУС. Прычым гэта ўжо другі раз, калі справу вяртаюць міліцыянтам для выпраўлення хібаў.

«Калі ў нас выйдзе закон, які будзе забараняць мне выходзіць на вуліцу, безумоўна, мяне трэба будзе караць. А ў такіх умовах гэта смешна і такога быць непавінна», – зазначае Аляксандр Сцерлін.

А сёння старшыня суда Магілёўскага раёну Вольга Палуян спыніла справу ў дачыненні магілёўца Арцёма Сякацкага, якога затрымалі 10-га жніўня. Тады працэс над ім быў закрыты. Хлопец паспеў адседзець 4 дні з 7 прысуджаных яму ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Справа спыненая праз недаказанасць, адпаведна з недаказанасцю віны. Але недаказанасць віны – гэта нейкі такі аспект. Насамрэч мы змаглі даказаць у судзе, як я лічу, што не было падзеяў адміністратыўнага правапарушэння», – падкрэслівае Вячаслаў Сякацкі, бацька і абаронца Арёма.

Праваабаронцы адзначаюць: з пачатку жніўня колькасць людзей, якія трапілі пад адміністратыўны пераслед, перавысіла 20 тысяч асобаў.

«Судоў у Беларусі няма. Існуе механізм, быццам бы судовы, які ўмантаваны ў агульную барацьбу з іншадумствам, супраціўленцамі. І яны толькі адпрацоўваюць сітуацыю, якая склалася і па якой яны абавязаныя прыцягнуць той ланцуг гвалту, які пачаўся з 9 жніўня ў выглядзе дубінак, пераследу, катаванняў і г. д.», – адзначае праваабаронца Гары Паганяйла.

Сёння праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 31-у затрыманую асобу.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Глядзі таксама