Беларускія санаторыя зноў расчынілі дзверы


Беларускія санаторыі падчас разгулу пандэміі рэагавалі на яе па-рознаму. Некаторыя, ва ўмовах, калі не быў абвешчаны ўсеагульны каранцін, прымалі наведнікаў ледзь не да пачатку лета. І там здарыліся выбухі захворванняў. Хтосьці перастрахаваўся і вырашыў пачакаць, пайшоўшы на вымушаны прастой цягам двух-трох месяцаў. І ўжо сёння ў Беларусь пацягнуўся цэлы шэраг грамадзянаў Расеі, якія аддаюць перавагу санаторыям, што месцяцца бліз Менску – «Беларусачка» альбо «Крыніца».

«Крыніца» – месца вельмі папулярнае. Сюды прыязджаюць не толькі на выходныя падмацаваць здароўе, але і мэтанакіравана, на 10-14 содняў, каб прайсці як мага больш эфектыўны і якасны курс лячэння. Вось што кажуць наведнікі санаторыю «Крыніца»:

«Мне проста тут спакойна. Спакойна, добра. Лес, горад побач, магу паехаць на мерапрыемства».

«Пакуль прыехала на пяць дзён. Пагляджу, як буду адчуваць сябе. Потым падоўжу».

Як прызналіся нам беларускія наведнікі, прафсаюз аплачвае ад агульнага кошту пуцёўкі 25 адсоткаў. Расейцы плацяць усё цалкам. У сувязі з эпідэміяй каронавіруса ў санаторыі «Крыніца» вырашылі не павышаць коштаў і пакінуць іх у межах мінулага года. Госці з Расеі падзяліліся ўражаннямі:

«Я адпачываю тут не першы год. Мне вельмі падабаецца абслугоўванне, вельмі падабаецца персанал, працэдуры. Тут усё вельмі цудоўна».

– А вы на колькі прыехалі?

– На 15 дзён!

– Людзі казалі, што на тры, на чатыры дні, а вы на 15 адразу?

– Я на 15, таму што адпачываю не першы год. Вельмі падабаецца.

– А чаму выбралі санаторый гэты?

– Тут тое, на што я хварэю, лечаць.

– А з якога гораду вы прыехалі?

– З Масквы.

– Як вы сябе пачуваеце ў Беларусі?

– Ды тут лясы, паветра. Там няма ў нас такога.

У першы ж дзень аднаўлення працы ў «Крыніцу» заехалі ледзь не паўсотні асобаў, сярод якіх сем расейцаў. Прычым, да сярэдзіны месяца плануецца прыняць агулам каля двухсот грамадзянаў Расеі: дзяржава-суседка дазволіла выязджаць з краіны тым, хто набыў пуцёўкі. У сувязі з пандэміяй у санаторыі, натуральна, прымаюцца максімальныя захады бяспекі.

«Прынятыя максімальныя меры паводле дыстанцыявання. Мы арганізавалі харчаванне ў дзве змены. Мы рассяляем людзей, нават калі яны не прыехалі з сямʼёй па адным чалавеку ў нумар», – кажа Віктар Кароткі, галоўны доктар санаторыю «Крыніца».

Таксама пакуль зменшылі колькасць прыёму грамадзянаў, і пры пяціразовым харчаванні адмовіліся ад шведскага стала. Заўсёды на вахце дзяжурны доктар, дзяжурная медсястра. Усе пацыенты праходзяць тэрмаметрыю. Што будзе далей, прадказаць у сённяшніх умовах не можа ніхто. Але месцы ў гэтым санаторыі турысты з Расеі забранавалі ўжо на верасень, кастрычнік ды нават лістапад.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»