Аб'ектыў 06.10.2018 Беларускія рок-музыкі выступілі супраць смяротнага пакарання


За сваю трохгадовую гісторыю фэст «Рок за жыццё» не здраджвае традыцыі стартаваць штогод з іншага гораду: спачатку гэта быў Менск, летась – Берасце, ну а сёлета – Віцебск.

У віцебскі бітлз-клуб «Паддашак» моладзі набілася літаральна да самага даху – і гэта пры тым, што нагода для канцэрту далёка не святочная. Рокеры выступалі перад публікаю дзеля падтрымання ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне ў нашай краіне.

«На гэткія мерапрыемствы трэба прыводзіць сілком іх: пракурора, які замоўца смяротнага пакарання, суддзю, які падтрымлівае гэтую замову, і выканаўцу смяротнага пакарання – каб яны бачылі, што яны, фактычна, ажыццяўляючы гэткія дзеянні, дзеюць супраць будучыні краіны«, – кажа мясцовы праваабаронца Павал Левінаў.

Арганізатарамі канцэрту ў Віцебску выступілі адразу некалькі праваабарончых арганізацыяў. Зрэшты, і гурты выступілі далёка не выпадковыя: «Rel1kt», «Teleport», «Nizkiz» і «Разбітае сэрца пацана».

«Тыя гурты, якія бяруць удзел у нашых канцэртах, робяць гэта не таму, што папросту выступаюць, а таму, што падтрымліваюць ідэю адмены смяротнага пакарання, – падкрэслівае адзін з арганізатараў канцэрту ад праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. – І ўсе фактычна лідары гуртоў ужо выказаліся ў медыях на гэтую тэму».

Сёлета, апроч уласна праблемы смяротнага пакарання, праваабаронцы і прыхільнікі адмены найвышэйшай захады звяртаюць увагу грамадскасці і на ўмовы ўтрымання смяротнікаў.

«У межах кампаніі супраць смяротнага пакарання праводзім асветніцкую працу, звязаную з пытаннем смяротнага пакарання. Для нас важна, каб была дыскусія, каб даносіць думку пра адмену смяротнага пакарання і аргументы да моладзі. І гэткі фармат у выглядзе фестывалю, як мне падаецца, найбольш пасуе», – упэўнены каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне, як і штогод, працягнецца да 10 кастрычніка. Зрэшты, далучыцца да руху за адмену найвышэйшай захады пакарання кожны можа і пазней. Бо ўлады ўсцяж застаюцца глухія да заклікаў і мясцовых праваабаронцаў, і міжнароднай супольнасці.

Валера Руселік; фота – Вадзім Заміроўскі

Глядзі таксама
Каментары