Беларускія пісьменнікі ствараюць аўдыякнігу для невідушчых людзей


Кропкавы рэльеф – гэтак званы шрыфт Брайля. Кожны сімвал мае значэнне літары, якія разам для невідушчай асобы складаюць тэкст для чытання рукамі. Толькі вось карыстацца шрыфтам Брайля можа далёка не кожны сляпы. І таму шмат для каго адзіная магчымасць спазнаць свет літаратуры – гэта кнігі, якія можна слухаць.

Шрыфтам Брайля пераважна валодаюць асобы, невідушчыя з дзяцінства. Тыя, хто страціў зрок пазней, з ім не знаёмыя. Да таго ж кнігі, выдадзеныя Брайлем, – дорага каштуюць. З гэтых ды іншых прычынаў усё большую папулярнасць сярод невідушчых сталі набываць аўдыякнігі.

Караліна Арабчук, экскурсавод «Нябачнай выставы», Варшава:

«Кніг, выдадзеных шрыфтам Брайля, не так шмат. Не дастаткова новай літаратуры. Аўдыякнігі ў сваю чаргу выдаюцца вельмі хутка. Шмат дыктараў і актораў агучваюць іх практычна няспынна – адначасова, як выходзяць новыя кнігі для відушчых».

Увагу на гэта звярнулі і беларускія аўтары. Калі айчынную класіку – Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіч, Івана Шамякіна, Івана Мележа – агучвалі, то сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыяверсіі папросту няма. Ксенія Шталянкова, пісьменніца:

«Беларуская сучасная літаратура не вельмі часта мае магчымасць дайсці да кожнага чытача. А людзі з інваліднасцю зроку чытачы спецыфічныя, і так атрымліваецца, што яны не могуць дакрануцца да яе – літаральна. Таму ім патрэбныя іншыя носьбіты для таго, каб гэтую літаратуру чытаць».

Ідэя выпусціць аўдыякнігі па-беларуску для людзей з праблемамі зроку нарадзілася ў пісьменніцы Ксеніі Шталянковай. Падтрымалі яе арганізатары прэміі Ежы Гедройца, якія шукалі магчымасць выйсці шырэй за межы цырымоніі. Гэтак паўстала ініцыятыва «Створым аўдыякнігу разам!» Уладзь Лянкевіч, каардынатар кампаніі збору сродкаў:

«Здаровыя людзі могуць пайсці ў кнігарню, набыць кнігу і прачытаць яе. А ёсць людзі, якія проста на фізічным узроўні не могуць, і мы пра іх ніколі не думалі дагэтуль».

Паводле Беларускага таварыства інвалідаў зроку, у нашае краіне жыве каля 50-ці тысяч чалавек з інваліднасцю зроку. Галоўная ж праблема такіх людзей – гэта даступнасць асяроддзя і доступ да інфармацыі, лічыць дырэктар сацыяльна-культурнай установы для людзей з праблемамі зроку «Моцарт». Алесь Калоша, дырэктар ініцыятывы MOTSART.BY:

«Вельмі важна, каб зразумела грамадства, што не адзіным хлебам жывы чалавек. Што людзі невідушчыя таксама хочуць глядзець кіно, далучацца да скарбаў нацыянальнай культуры, літаратуры, тэатру, музеяў».

Для таго, каб выдаць аўдыякнігу для невідушчых, аўтары праекту збіраюць ахвяраванні праз краўдфандынг на інтэрнэт-платформе «Улей бі-ўай». Гэта будзе адзін з твораў тых аўтараў, што ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Гедройца. Распаўсюджвацца сярод людзей з інваліднасцю зроку аўдыякніга будзе бясплатна.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Фота: Fadi Arouri / Xinhua / ZUMAPRESS / FORUM

ulej.by/project?id=816978