Беларускія музыкі правялі 10-гадзінны дабрачынны канцэрт


12 000 масак вырабілі для медыкаў у Менскім хакерспэйсе, і прынамсі столькі ж патрэбна зрабіць яшчэ. Дзеля гэтага прадстаўніцтва «XIAOMI» у Беларусі, Новае радыё, Фонд «Добра», агенцтвы «littleMORE» і «4 вымярэнне» зладзілі 10-гадзінны канцэрт. У ім бясплатна выступалі больш за два дзясяткі беларускіх выканаўцаў.

«Кампанія «XIAOMI» пералічыла 20 тысяч беларускіх рублёў на рахунак Менскага хакерспэйсу для вырабу сродкаў абароны для нашых медыкаў, каб яны максімальна зрабілі сябе бяспечнымі. Вы можаце зайсці на сайт dobrolive.by, там унізе ў кантактах будуць пазначаны спосабы аплаты, гэта можа быць і USSD-запыт, і па званку можна пералічыць грошы на рахунак», – расказвае Уладзіслаў Пілат з прадстаўніцтва «XIAOMI» у Беларусі.

«Вельмі класная справа, гэта вельмі крута. Калі можам медыкам дапамагчы, хоць крыху ў гэтай сітуацыі, чаму б і не, чаму б і не зрабіць?!», – кажа спявачка Юлія Багаслаўская з гурту «Parade of Planets».

«Кожны далучыўся ў тым фармаце, у якім ён змог. Паколькі цяпер у нас рэжым самаізаляцыі пажаданы, частка артыстаў прыехала сюды на лайф-спот – «Саўндкафэ», а частка выходзіць у эфір са сваіх кватэраў, такія імправізаваныя кватэрнікі», – тлумачыць адна з арганізатарак Вікторыя Яфімава з агенцыі «LittleMORE».

«Слухайце, насамрэч мы павінны дапамагаць адзін адному і рабіць хоць нейкія крокі. Але я кажу дзякуй усім медыкам тым, якія ўсё ж такі нягледзячы ні на што і робяць гэта больш, чым нават гэта патрэбна», – кажа спявак Юры Наўроцкі, больш вядомы як Uzari, які прадстаўляў Беларусь у 2015 годзе на Еўрабачанні.

Наста Кахановіч, «Белсат»