Беларускія лекары адмовіліся лячыць хлопца, які памірае


Не можа ўстаць з ложку і ледзьве дыхае. Жыхар вёскі Почапава Пінскага раёну мае два несуцяшальныя дыягназы і патрабуе тэрміновай аперацыі. Але зрабіць яе дактары не бяруцца. Маладзён – грамадзянін Украіны, які яшчэ чакае разгляду пытання аб атрыманні беларускага грамадзянства. А таму аплаціць лячэнне, на якое сям‘я не мае грошай, мусіць самастойна.

«Мама плача. Мама заўсёды плача, калі бачыць».

Юрыю Амельчуку 21 год. Хлопец нарадзіўся ва Украіне, але жыве ў Беларусі з 5-гадовага ўзросту. Тут скончыў школу і каледж. Раней не меў сур’ёзных захворванняў, але падчас адпрацоўкі ў лістападзе 2016 года ў хлапца выявілі саркому косці.

«Выдалілі пухліну. Усё нармальна было, ездзіў на абследаванні»,узгадвае Юрый Амяльчук.

Аперацыя – бясплатная, але для грамадзянаў Беларусі. У Юрыя ёсць толькі від на жыхарства. Бацька хлапца – інвалід І групы, 15 гадоў таму зламаў хрыбетнік, маці працуе аператарам машыннага даення ў «Пачапаве». Грошы на неабходную аперацыю, а гэта каля 7000 долараў, удалося сабраць дзякуючы валанцёрам арганізацыі «З дабрынёй па свеце» і знаёмым. Дапамог сям’і і начальнік прадпрыемства Юрый Хвасцюк.

«Ён адразу без пытанняў сказаў, можна так зрабіць, 50 мільёнаў мне даў. Праўда, за кошт заробку за два гады. Вось у красавіку сплачу крэдыт», – сведчыць маці Юрыя Амельчука, спадарыня Ганна.

Аж у ліпені 2018 года ў Юрыя знайшлі пухліну ў лёгкім.

«Забралі мяне ў шпіталь, адпампавалі вадкасць. Аказалася, 12 літраў вадкасці было толькі ў адным левым лёгкім. Потым усё нармальна. І вось у лістападзе – у канцы кастрычніка адчуў у жываце нейкае ўтварэнне», – кажа Юрый Амяльчук.

Двухкамерная кіста пачала імкліва разрастацца і душыць унутраныя органы. Трэба рабіць аперацыю, але лекары кажуць – толькі платна. Аперацыя на лёгкім – у межах 5–6 тысячаў долараў. Зноў сабраць такія грошы сямʼя не ў стане. Кошту аперацыі па выдаленні кісты лекары ўвогуле не паведамляюць.

Праваабаронцы кажуць, тэарэтычна ўладальнікі віду на пастаяннае жыхарства маюць права на такое самае медычнае абслугоўванне, як і грамадзяне Беларусі. Але для грамадзянаў нашай паўднёвай суседкі існуе юрыдычная агаворка. Яна Ганчарова, праваабаронца (Human Constanta):

«Грамадзяне Украіны, якія маюць пастаянны від на жыхарства ў Беларусі, маюць права на медычнае абслугоўванне толькі ў выпадку пагрозы іхнаму жыццю або жыццю навакольных і асяродку. Агулам выпадкі, якія патрабуюць неадкладанага ўмяшання».

У верасні Ганна і Юрый падаліся на заявы на атрыманне грамадзянства Беларусі.

«Самае галоўнае для нас, я лічу, гэта паскарэнне атрымання грамадзянства. Інакш я нічога не бачу. Каб у далейшым мы маглі смела ісці, звяртацца. Каб ведалі, што для нас паўсюль дзверы адкрытыя. Бо мы выклікаем хуткую, а яны кажуць: гэта не наш кліент. Чакайце!», – з роспаччу кажа Ганна Амяльчук.

Аднак спачатку аддзел грамадзянства і міграцыі не асабліва спяшаўся з разбіральніцтвам. Падобна, што пасля таго, як справаю заняліся медыі, чыноўнікі ўсё ж заварушыліся.

«Дакументы ў Берасці і ўказ прэзідэнта недзе ў лютым будзе. Мы спадзяемся, што, можа, 6 лютага будзе», – распавяла нам Наталля Новак, старэйшая пашпартыстка з Пінскага РАУС.

Магчыма, за лекаванне Юрыя плаціць не спатрэбіцца. Але час ідзе. Публікуем рэквізіты дабрачыннага рахунку. Маем надзею, што неўзабаве сітуацыя палепшыцца. Наш тэлеканал будзе сачыць за лёсам Юрыя Амельчука.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

 

РЭКВІЗІТЫ ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ

Філіял 121 АСБ Беларусбанк – горад Пінск, вуліца Іркуцка-Пінскай дывізіі, 35 а; УНП 200287840; МФО 150501854:

– беларускія рублі – транзітны рахунак BY50AKBB38193821006001200000 на дабрачынны рахунак BY16AKBB31340000080591220134.

Прызначэнне плацяжу: Для зачисления на благотворительный счет на имя Омельчук Анны Григорьевны на лечение Омельчука Юрия Юрьевича.