Беларускія футбольныя клубы на мяжы выжывання


Актыўныя заўзятары менскага «Тарпеда» заявілі, што будуць збіраць сродкі, каб аднавіць каманду ў другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.

Гэта будзе ўжо другое адраджэнне сталічных аўтазаводцаў: у 2005 годзе «Тарпеда» згубіла прафесійны статус, аднак менавіта дзякуючы намаганням фанатаў клуб вярнуўся ў найвышэйшую лігу. Праўда, усяго на два гады.

А ў цяперашнім сезоне «Тарпеда» згуляла толькі палову матчаў. Прычына – галоўны інвестар спыніў фінансаванне. У выніку клуб зняўся з чэмпіянату.

Гэтая сітуацыя ў апошнія гады для Беларусі – не новая. Гэтак, увесну 2018-га «Тарпеда» трапіла ў найвышэйшую лігу, бо Федэрацыя футболу не дапусціла да ўдзелу ў чэмпіянаце «Крумкачоў». А ўвогуле, за апошнія пяць гадоў з футбольнай мапы Беларусі знікла 25 клубаў!

«Большасць з гэтых клубаў мелі ў сваім актыве прыватны капітал. Калі яны знікаюць, значыць, проста няма ўмоваў для прыватнага бізнесу. То бок на футболе нашым немагчыма зарабіць. Ва ўсіх краінах свету ўладальнікі клубаў прыходзяць туды не дзеля таго, каб выдаткаваць грошы, а каб іх зарабіць. У нас тэлебачанне нічога не плоціць людзям, рэкламны рынак вельмі слабы, спонсараў вельмі складана знайсці», – распавядае Сяргей Южык, спартовы журналіст, прэс-сакратар НФК.

Паводле Сяргея Южыка, для таго, каб заставацца ў найвышэйшым дывізіёне, клуб мусіць мець прынамсі паўмільёна долараў на сезон. Ці магчыма ў Беларусі абысціся без дзяржаўнага падтрымання прафесійных клубаў?

«Калі краіна не будзе падтрымліваць спорту, то, напэўна, шмат якія клубы паўміраюць. Але вельмі хацелася б, каб мы жылі за дзяржаўныя грошы не так, як цяпер, а прыцягвалі бізнес».

«Камерцыйныя клубы лепш працуюць з грашыма. А калі гэта дзяржаўныя клубы, то яны не нясуць адказнасці ні перад кім».

«Каб нешта развівалася, трэба самому прыкладваць свае сілы і сродкі. А калі ты атрымліваеш грошы ад дзядзі, то якая табе розніца, на што яны пойдуць?»

Як жа беларускаму футболу выйсці з пасткі камандна-адміністрацыйнай сістэмы? Тры гады таму ў Беларускай федэрацыі футболу абмяркоўвалі стварэнне прафесійнай футбольнай лігі пад назваю Майстар-ліга, але далей за заявы справа не пайшла.

«Зарабляць у нас у футболе могуць толькі клубы, якія ўдзельнічаюць у еўракубках. Клубы беларускага чэмпіянату атрымліваюць грошы ад УЕФА, на іх існуюць. Гэта адзіны радок даходаў. Усё астатняе: продаж атрыбутыкі, квіткоў – гэта ўсё вельмі мізэрна… Пакуль існуе гэтая сістэма дзяржаўнай падтрымкі, нічога не зменіцца», – лічыць Сяргей Южык, спартовы журналіст, прэс-сакратар НФК.

Выходзіць, што, з аднаго боку, кіраўніцтва некаторых клубаў проста не зацікаўленае ў пераходзе на рынкавыя рэйкі, бо тады прыйдзецца змагацца за гледачоў і спонсараў. З другога – сістэма дзяржаўнага фінансавання клубаў пазбаўляе іх усялякай матывацыі.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu