Беларускія дзяржслужбоўцы ўмеюць здзіўляць: яшчэ не дабудавалі першую АЭС, а ўжо плануюць трэцюю


Ужо ў лютым на астравецкай атамнай станцыі плануюць запусціць у прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок. Пра гэта паведамляе дзяржаўная расейская карпарацыя «Росатам». Іх беларускія калегі з «Белэнерга» запэўніваюць, што энергасістэма Беларусі працуе ўстойліва, нягледзячы на інцыдэнты з адключэннем АЭС ад электрасеткі ды іншыя здарэнні. Тым часам кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў агаломшыў беларусаў заяваў, што навукоўцы рыхтуюцца будаваць не толькі другую, але і трэцюю атамную станцыю на нашай зямлі.

Лішняй электрычнасці пасля паўнавартаснага запуску Астравецкай АЭС не будзе, бо якраз зараз беларускія прадпрыемствы зробяць скачок вытворчасці прадукцыі. І энергіі, наадварот, будзе мала. Такое меркаванне ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ выказаў Уладзімір Гусакоў, натхнёны адмысловай нарадай у Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы паставілі задачу, прэзідэнт паставіў задачу – дасягнуць 100 млрд рублёў Валавога ўнутранага прадукту – трэба прыкладна ў два разы павялічыць аб’ёмы вытворчасці. А павелічэнне абʼёму вытворчасці патрабуе энергіі, рэсурсаў. Дзе гэтыя рэсурсы браць?» – заявіў старшыня прэзідыуму.

Кіраўнік Акадэміі навук, прызначаны Лукашэнкам, заявіў, што хутка ў Беларусі не проста будзе росквіт электратранспарту, але і зʼявіцца масавы айчынны электрамабіль. Засталося толькі стварыць танныя айчынныя акумулятары. Таму трэба выконваць задачу Лукашэнкі: будаваць другую АЭС, а потым рыхтаваць і трэцюю.

З 14 апытаных «Белсатам» менчукоў будаўніцтва новай АЭС падтрымаў толькі адзін: «Трэба-трэба. Сваё лепш, чым чужое аднекуль закупаць».

«З нашымі стасункамі з суседзямі, і з іх стаўленнем да АЭС куды мы будзем усё гэта дзяваць? А яшчэ перш чым рабіць гэтыя заявы, мне падаецца, што хаця б гэтая мусіць быць дабудаваная і працаваць».

«У нас ужо ёсць досвед гэтай страшнай аварыі, і мы ведаем, як гэта адбілася на нас усіх, і на дзецях на маіх. Ніякай інфармацыі, нічога мы не ведалі».

Гусакоў анансуе пабудову трэцяй беларускай АЭС праз 20–25 гадоў, бо тады, як лічыць чыноўнік, будзе не хапаць электрычнасці. Хаця непрадуманае планаванне нават на 5 гадоў ужо зрабіла стратнай мадэрнізацыю шмат якіх беларускіх прадпрыемстваў, звяртае ўвагу Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік TUT.BY.

«Гарызонт планавання 20-25 гадоў гэта вельмі смела. Цяпер бізнес не можа спланаваць на год наперад, бо высокая нявызначанасць. А што казаць пра 20-25 гадоў?» – тлумачыць Заяц.

Застаецца і пытанне бяспекі: падчас будоўлі астравецкай АЭС корпус рэактару падаў з вышыні, другі корпус ударылі аб слуп, былі ўзгаранні, абвал канструкцыяў з няякаснага бетону. Гарэлі трансфарматары, выбівала крышкі шумапаглынальнікаў пары, а 16 студзеня АЭС увогуле адключалі ад сеткі, бо спрацавала сістэма абароны генератара. У выніку інцыдэнту на станцыі Беларусі давялося аварыйна купляць электрычнасць ва Украіне.

«Ступень гатовасці АЭС да запуску кепская, узровень бяспекі выклікае трывогу. Былі рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў у межах стрэс-тэстаў, якія таксама звярталі на гэта ўвагу і казалі, што ўсе гэтыя рэчы трэба выправіць да запуску АЭС, але ніхто гэтага не зрабіў», – звяртае ўвагу Ірына Сухій, сябра рады грамадскай арганізацыі «Экадом».

Беларусь не толькі вымушаная купляць ядравае паліва ў Расеі. Дагэтуль няма яснай

праграмы ўтылізацыі радыеактыўных адкідаў і адпрацаваных элементаў. Нават няма пляцоўкі для сухога захоўвання ядравых адкідаў, кажа Ірына Сухій.

«Ёсць нейкія папярэднія размовы, што Расея будзе забіраць нашае адпрацаванае ядравае паліва на перапрацоўку, і, дастаўшы адтуль усе каштоўныя элементы, вяртаць іх усё роўна ў Беларусь», – распавядае Ірына Сухій.

Планы прадаваць электрычнасць у Еўразвяз задорага – праваліліся. Літва дамовілася з суседзямі аб блакадзе энергіі з Беларусі, бо Астравецкая АЭС пабудаваная з парушэннямі і занадта блізка да Вільні.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»