Беларускія дзеці паміраюць у шпіталях ад загадкавай інфекцыі


Напрыканцы ліпеня ў Гомлі праз два дні пасля нараджэння памер сын Сяргея і Таццяны Башмураў. З іхных словаў, дзіця нарадзілася здаровае, але калі ў немаўля паднялася тэмпература, дактары сказалі, што хлопчык атрымаў унутрывантробную інфекцыю, і ўратаваць яго не ўдалося.

«Зараз у нас лічыцца гэтая інфекцыя як фармальнасць, то бок інфекцыя – наступны, інфекцыя – наступны, удома нарадзіў – у турму, у шпіталі – інфекцыя, будзь вольны», – абураецца Сяргей Башмур, бацька памерлага дзіцяці з Гомля.

Праз інфекцыю страцілі дзіця і жыхары Берасця

Пасля месяца змагання ў шпіталі памерла 11-месячная Ева Доўгань. У дзяўчынкі паднялася высокая тэмпература, і калі сродкі ад гарачкі не падзеялі, яе разам з мамаю паклалі ў Берасцейскую абласную клінічную больніцу. Цягам наступных трох тыдняў дзяўчынку пераводзілі з аддзялення ў аддзяленне, дыягназ «энцэфаліт» змяніўся на інфекцыю, і ў рэанімацыі яе не ўратавалі.

Бацькі прапаноўвалі адвезці дачку ў Менск, але мясцовыя дактары адмовіліся: маўляў, месцаў там няма, а лячэнне будзе такое ж. Самастойна везці дачку ў сталіцу бацькі пабаяліся, бо ейны стан ужо тады быў цяжкі, ехаць трэба было на рэанімабіль. Пасля смерці дзяўчынкі Валерыю Доўганю і ягонай жонцы сталі пісаць іншыя бацькі, што таксама страцілі немаўлятаў праз інфекцыю, якой не змаглі вылекаваць у шпіталі.

Зараз сямʼя Доўганяў намагаецца высветліць абставіны смерці свайго дзіцяці, бо яны маюць шмат пытанняў да персаналу больніцы.

Меркаванне ўрачоў

На думку дзіцячага рэаніматолага Андрэя Вітушкі, у такой складанай сітуацыі галоўнае – наладзіць адэкватную камунікацыю паміж бацькамі ды дактарамі.

«Трэба старацца захоўваць спакой, я разумею, што гэта вельмі складана, і разумець, што медперсанал – гэта не вашыя праціўнікі, не вашыя ворагі. Я не ведаю ніводнага майго калегі, які працаваў бы ў падобных аддзяленнях і не любіў дзяцей і не імкнуўся б ім дапамагчы», – даводзіць Андрэй.

Са словаў доктара, умовы як у дзіцячых, гэтак і дарослых стацыянарах у Беларусі – на сярэднееўрапейскім узроўні. Пацвярджае меркаванне і афіцыйная статыстыка: дзіцячая смяротнасць штогод зніжаецца, паводле гэтага паказніку нашая краіна – у тройцы з самаю нізкаю колькасцю дзіцячых смерцяў. Аднак калі бацькі маюць прэтэнзіі да доктара, які лекуе дзіця, трэба, не губляючы часу, звярнуцца да загадчыка аддзялення.

«Яны могуць паглядзець на гэты выпадак трошкі з іншага боку, бо загадчыкамі аддзялення становяцца людзі, якія маюць добры досвед, вялікі стаж і яны могуць дапамагчы парадай», – падкрэсліў спадар Вітушка.

Таксама менавіта галоўны доктар разам з адміністрацыяй больніцы прымае рашэнне пра дадатковыя кансультацыі ды запрашэнне іншых адмыслоўцаў. Паводле закону «Аб ахове здароўя», пацыент мае права абіраць лекара і шпіталь, а таксама ведаць дакладную інфармацыю пра свой стан ці стан здароўя сваіх блізкіх.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Katarina Stoltz / Reuters / Forum