Беларускія дызайнеры прыдумалі, як сабраць грошы на аперацыі дзяцей з ракам


На подыуме – ўсе роўныя. Удзельніцы паказу адзення беларускіх дызайнераў «Kids Fashion Zone»

Змяніць стаўленне да дзяцей з цяжкімі захворваннямі, паказаць, што яны могуць нароўні вучыцца і працаваць з усімі астатнімі. Такую амбітную мэту ставіць сабе модны праект «Kids Fashion Zone». У Менску прайшоў паказ дзіцячага адзення беларускіх дызайнераў, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць раку і Міжнароднага дня дзяцей, хворых на рак.

«Нашая мэта – сабраць сродкі для дзетак, якім на гэты момант востра неабходнае дарагое лячэнне. Я спадзяюся, што агульнымі сіламі мы гэтай мэты дасягнулі. 18 дызайнераў і гандлёвых марак Рэспублікі Беларусь сабралася сёння на нашай пляцоўцы, 450 мадэляў, некалькі мадэльных агенцтваў, вельмі вялікі атрымаўся праект», – кажа Арганізатарка праекту «Kids Fashion Zone» Марыя Жураўлёва.

Відэаверсія рэпартажу выйшла ў поўным выданні вечаровых навінаў за 9 лютага:

Фармат інклюзіўны: у паказе бяруць удзел разам навучэнцы мадэльных агенцтваў, дзеці з анкалагічнымі захворваннямі і дзеці артыстаў беларускай эстрады. На дзяцей не вешаюць ніякіх абазначэнняў або цэтлікаў, на подыуме ўсе роўныя. Выступоўцы прыехалі з усёй Беларусі.

Удзельнікі паказу моды:

«Мне падабаецца, ездзім у Менск, выступаем на сцэнах, робяць макіяж»

«Страх. Баюся вельмі, калі шмат людзей глядзяць. Але люблю».

«Мне падабаецца, калі на мяне глядзяць людзі і мной захапляюцца»

9 лютага 2019 года. Лявон Вольскі выступае на імпрэзе «Kids Fashion Zone»

Праект дабрачынны. Усе сабраныя сродкі будуць пералічаныя на лячэнне і рэабілітацыю дзяцей.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»