Беларускія бюджэтнікі «разбагацеюць», але абяцаных $ 500 не атрымаюць


Павышаць нельга панізіць – улады Беларусі мусяць ўрэсце вызначыць, дзе паставіць коску ў дылеме з заробкамі. Бо з аднаго боку – абяцанні павысіць зарплаты і пенсіі, а з другога – нізкі рост прадукцыйнасці прадпрыемстваў.

З сённяшняга дня сярэдняя пенсія ў Беларусі складзе 364 рублі. На меркаванне экспертаў, падвышэнне напрошвалася ўжо даўно. Аднак раней істотнаю перашкодаю быў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны.

«Па-першае, дае вынік падвышэнне пенсійнага ўзросту – менш пенсіянераў выходзіць на пенсію. Па-другое, рост заробкаў, хай і часткова адміністрацыйны, прывёў да таго, што павышаюцца ўнёскі ў ФСАН – ён атрымлівае больш сродкаў, і можна падвысіць пенсіі», – кажа Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Але наколькі падвышэнне адчувальнае для пенсіянераў?

Жыхары Менску:

«Пенсіянерам цяпер вельмі цяжка. Кошты такія высокія».

«Ну, перабіваемся. Мы людзі савецкія, прывыклі сціпла жыць».

«Я ўсё жыццё працавала бібліятэкаркаю. Мая пенсія – 225 рублёў. І, вядома, мне вельмі хочацца падпрацаваць яшчэ».

«Мне б адной усяго хапала. Але ў мяне шчэ ёсць унук, з якім хочацца пагуляць у парку. Таму як заўжды: эканомім на сабе, каб пагуляць з унучкам».

«Вы ж самі разумееце: што такое 300 рублёў?»

Разам з пенсіямі растуць і выплаты бюджэтнікам. Цяпер, паводле афіцыйнай статыстыкі, яны будуць атрымліваць каля 760 рублёў – 80 % ад сярэдняй лічбы па краіне. У той жа час старшыня Савету Міністраў Андрэй Кабякоў заявіў, што неабходна тэрмінова выправіць сітуацыю на прадпрыемствах з неабгрунтавана высокімі заробкамі, бо аплата працы расце хутчэй, чым вытворчыя паказнікі.

«Усе інвестыцыйныя праекты, за якія бярэцца ўрад, ідуць вельмі дрэнна. Сем дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, МАЗ, «БелДжы», стратнасць НПЗ пры працы па сусветных коштах, Светлагорскі ЦКК, Добруш, Завод газетай паперы – можна яшчэ працягваць. Стала правілам наабяцаць з тры корабы, а пасля прасіць аб працягу тэрміну на год, а то і на гады», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ну і як тут не згадаць штогадовыя мантры пра сярэдні заробак пяцьсот долараў! На меркаванне экспертаў, улады могуць адмовіцца ад далейшага росту заробкаў на стратных прадпрыемствах, аднак на змяншэнне – ня пойдуць, цяпер гэта важны палітычны фактар. А далейшы неабгрунтаваны рост заробкаў немагчымы без негатыўных макраэканамічных наступстваў. Тры крызісы за апошнія 10 гадоў – добрае таму пацверджанне.

«Можна рабіць тры розных рэчы: або спрабаваць нейкім чынам рэструктурызаваць у рамках дзяржаўнай уласнасці, або спрабаваць прыватызаваць, або проста ліквідаваць некаторыя прадпрыемствы. На жаль, з некаторымі так і прыйдзецца рабіць, калі іншыя меры не будуць дапамагаць. Ну і, натуральна, ні пра які рост заробкаў на такіх прадпрыемствах у рыначных умовах не магло б ісці гаворкі», – кажа Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, абяцанні выйсці на сярэдні заробак тысячу рублёў, з другога – патрабаванні спыніць неабгрунтаваны рост аплаты працы. Цяпер уладам патрэбна вырашаць гэты рэбус, які яны самі і загадалі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»