Беларускія больніцы ставяць вопыты над пацыентамі


Медыцына, якая не лечыць, а калечыць. Вялікія чэргі, немагчымасць трапіць да патрэбнага спецыяліста, няўважлівае стаўленне да пацыента. Скаргам няма канца. І гэта не самае жахлівае. Улукаўская раённая больніца ставіць сапраўдныя вопыты на пацыентах. Толькі вось ніхто не ведае, чым гэта можа скончыцца.

З дзесяць жыхароў Гомельшчыны сабраліся ля будынку Улукаўскай участковай больніцы. Людзі абураныя працаю мясцовых дактароў. Паводле іх, пакутуюць ад халатнасці як дзеці, гэтак і дарослыя.

Маці Валянціны – у рэанімацыі. У жанчыны была арытмія, яна стала патрабавала адмысловых лекаў на рэцэпт. Каб іх атрымаць, трэба запісацца і два тыдні чакаць на прыём лекара ці з самое раніцы займаць чаргу. Аднак дарога з пасёлку Юбілейны да больніцы для сталага чалавека не блізкая.

Тры дні пенсіянерка заставалася без лекаў

У выніку на фоне арытміі ў яе адарваўся тромб, цяпер – шырокі інсульт, яна цалкам інвалід.

Звычайна ў паліклініках хранічна хворыя ўжо не бяруць талона і не сядзяць у чарзе па рэцэпт, гэтым займаюцца фэльчар ці медсястра. Але гэтае карыснае новаўвядзенне да Улукаўскай паліклінікі не дайшло.

«Яна была ў поўным росквіце сілаў, нягледзячы на 80 гадоў. Абсалютна працаздольная, а цяпер яна кабачок, ляжыць удома, будзьце вы няладныя», – злуецца Валянціна Смаль, дачка пенсіянеркі.

Што дзеці, што старыя – розніцы няма

Дзевяцімесячнаму сыну Алесі Барысавец зрабілі прышчэпку, пасля якой у хлапчука тыдзень трымалася высокая тэмпература, а на месцы ўколу ўтварыўся нарыў, які ўскрывалі хірургічна.

Трохмесячнай дачцэ Таццяны Махровай у паліклініцы зрабілі прышчэпку. Вакцынацыя мусіла складацца з двух уколаў запар. Аднак дзяўчынцы зрабілі толькі адзін. Праз тры дні немаўля раптоўна страціла прытомнасць, у яго спынілася сэрца. Цяпер дзіця ў коме. Маладая маці перакананая, што гэта наступства зробленай прышчэпкі.

Дактары памылак не прызнаюць

Маладыя маці адзначаюць, што размовы з загадчыцаю больніцы ніякага плёну не прыносяць.

«Загадчыца больніцы кажа: «Што вы хацелі ад маладой спецыялісткі? Няхай набіраецца досведу». Дык на кім пасадзілі набіраць досвед? На гэтых маленькіх?», – абураецца Таццяна Махрова.

У размове з «Белсатам», загадчыца Улукаўскай участковай больніцы віну дактароў у тым, што здарылася з дачкою спадарыні Таццяны, адмаўляе.

«Скаргі ад адных і тых жа людзей. Ёсць прычыны, але няма нашай віны. Прышчэпка тут ні пры чым. Яе зрабілі за тыдзень да таго, як здарылася. Бацькі шукаюць прычыну, таму ўсё вакол гэтага і круціцца», – выказала сваю версію загадчыка больніцы Марына Самуйленка.

Таццяна Махрова мае намер пакараць педыятра, які рабіў прышчэпку немаўляці. Жанчына звярнулася ў міліцыю з заяваю, каб у больніцы зрабілі правяранне. Жыхары ж маюць намер прыцягнуць максімальную ўвагу да сітуацыі і дамагчыся справядлівасці ў барацьбе з халатнасцю мясцовых дактароў.

Валерыя Уласік, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum