Аб'ектыў 28.04.2018 Беларускім «складаным падлеткам» Польшча набыла аўтамайстэрню


У Крывіцкай спецыяльнай лячэбна-выхаваўчай прафесійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу зрабілі яшчэ адзін крок для перавыхавання так званых цяжкіх падлеткаў: зараз для іх навучання стварылі аўтамайстэрню. У дзяцей з няпростымі лёсамі цяпер ёсць магчымасць атрымаць спецыяльнасць аўтамеханіка, своеасаблівую пуцёўку ў свет.

Выхаванцы Крывіцкай спецыяльнай лячэбна-выхаваўчай прафесійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу змогуць на практыцы вывучаць будову аўтамабіля ў адмысловай майстэрні. Яе адкрылі пры ўдзеле важных гасцей.

«Гэта таксама важная і патрэбная справа – даць магчымасць маладзёнам, хлопцам, атрымаць навыкі, прафесію і ўладкавацца ў будучым жыцці», – заявіў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды.

Праект коштам $ 65 000 зрэалізавалі дзякуючы праграме малых грантаў амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі «Формула поспеху» пры дапамозе моладзевай рэлігійнай місіі «Чыстае сэрца».

«Пастанаўляючы зрэалізаваць гэты праект, мы ў першую чаргу думалі, якім чынам нашая дапамога, нашыя грошы, вылучаныя польскім урадам, могуць дапамагчы выхаванцам вучэльні», – сказаў часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас.

Майстэрню абсталявалі працоўнымі макетамі практычна ўсіх агрэгатаў і вузлоў аўтамабіля.

«Ад ахвочых няма адбою. У нашых выхаванцаў ёсць імкненне і ўнутраная патрэба нешта даведацца, нешта засвоіць. А на такім абсталяванні гэта проста выдатна», – кажа педагог-псіхолаг Анатоль Красневіч.

Цяпер у вучэльні знаходзяцца 80 хлопцаў ад 12 да 17 гадоў. Усе трапілі сюды па рашэнні суду – бальшыня праз злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі. Зараз па сканчэнні ўстановы яны змогуць атрымаць другі разрад па спецыяльнасці «аўтамеханік».

«Трэба чалавека выпусціць з гэтай установы, я кажу, што лепей бы яе не было, але, на жаль, такое жыццё, і такія ўстановы ёсць, падрыхтаваць да жыцця, каб ён выйшаў ды не паўтарыў сваіх памылак», – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Аднак, як адзначылі госці, прысутныя на адкрыцці, важная не толькі рэабілітацыя цяжкіх падлеткаў у вучэльні, але і тое асяроддзе, у якое яны трапляюць па выхадзе з такіх установаў. А гэта ўжо праца ўсёй дзяржавы і грамадства.

Зміцер Міцкевіч

Глядзі таксама
Каментары