Беларускім педагогам нагадалі правілы паводзінаў


Негвалтоўнае выхаванне, талерантнасць і павага правоў і годнасці іншага чалавека маюць скласці аснову этычных правілаў педагогаў. Выкладчыкі ды настаўнікі маюць уласнымі паводзінамі даваць прыклад сумленнасці і справядлівасці. Дакумент, які Міністэрства адукацыі прапанавала да абмеркавання, утрымлівае шэраг этычных нормаў і правілаў, якія ўжо вывучаюць студэнты педагагічных спецыяльнасцяў. Які тады сэнс у асобным дакуменце?

Аляксандр Сядзяка 36 гадоў працуе настаўнікам, ён быў дырэктарам школы і кажа, што разумее, чаму этычныя правілы і нормы заканадаўча прымаюць менавіта цяпер:

«Гэта проста такая рэакцыя на тыя падзеі, якія сталі вядомымі ў Стоўбцах, у Менску, у Гомлі. І трэба міністэрству нейкую рэакцыю сваю паказаць».

Міністр адукацыі Ігар Карпенка анансаваў прыняцце этычнага кодэксу летась пасля канфліктаў у Гомлі, дзе адна настаўніца параніла дзіцяці вуха, а іншая лаялася матам. Этычныя правілы закліканыя нагадаць настаўніку, як сябе паводзіць, сярод іх такія: пазбягаць канфліктаў, умець прызнаваць свае памылкі, не дапускаць прымянення гвалту.

Ці сапраўды педагогі не ведаюць гэтых нормаў? З якімі неэтычным паводзінамі настаўнікаў сутыкаліся беларусы, мы пацікавіліся на вуліцах Менску.

«Слабая абраза, часам фізічнае ўздзеянне».

«Я ніколі не сутыкалася з неэтычным паводзінамі выкладчыкаў».

«Сустракаліся такія выкладчыкі, якія студэнтаў ні ў што не ставілі».

У некаторых краінах, напрыклад, у Эстоніі ці ЗША, таксама дзее этычны кодэкс. Ініцыятыва яго прыняцця належала педагогам, яны ж вызначылі і змест. Хто аўтар беларускага дакументу – не вядома.

«Беларускі кодэкс паказвае, што, па-першае, гэта робіць міністэрства. І нават калі яны збіраюць нейкія заўвагі, то гэта ўсё роўна робіць міністэрства. А па-другое, мы ведаем практыку і разумеем, што ў лепшым выпадку гэта будзе адміністрацыйны дакумент. Гэта нейкія правілы наймальніка, якія выдаюцца пад відам кодэксу», – тлумачыць Таццяна Вадалажская, сацыёлаг.

Некаторыя педагогі лічаць, што дзеля развязання канфліктных сітуацыяў першаснай мусіць быць праграма павышэння кваліфікацыі.

«Патрэбныя абсалютна практычныя трэнінгі па кіраванні групавой дынамікай у школе, па канфлікталогіі», – кажа Валянціна Чэкан, сузаснавальніца прыватнай школы.

Аляксандр Сядзяка таксама мяркуе, што прыняцце этычнага кодэксу ў форме, прапанаванай Мінадукацыі, ніякім чынам не паўплывае на паляпшэнне стасункаў педагога і вучня.

«Ён нічога не зменіць, таму што нічога новага тут няма, акрамя таго, што яшчэ дадатковая адказнасць кладзецца на настаўніка», – кажа Сядзяка.

Свае прапановы адносна этычных правілаў можна накіроўваць у Мінадукацыі да 1-га сакавіка на электронны адрас mo329@minedu.unibel.by.

Алена Дубовік, «Белсат»