Беларускіх студэнтаў не пускаюць дадому


Замежныя ўніверсітэты пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне. Для беларускіх студэнтаў гэта шанец вучыцца онлайн дома. Але ці прапусцяць іх праз мяжу? З такімі апасеннямі сутыкнуліся беларускія навучэнцы ў Літве і Польшчы.

«Я насамрэч была вельмі расчаравана, калі прачытала, што беларускіх студэнтаў не пускаюць назад дадому. Першая думка, якая была ў мяне – гэта, што я і так даўно не бачыла бацькоў і што невядома калі я змагу іх зноў убачыць. Другая думка была, што цяпер Польшча – гэта чырвоная зона і мне сапраўды хацелася б прыехаць дадому, пабачыць родных і я не магу гэтага зрабіць і мне вельмі крыўдна, што так адбываецца ў маёй дзяржаве», – падзялілася Вікторыя, студэнтка Вышэйшай школы бізнесу ў Вроцлаве.

Настасся Анціпенка, студэнтка чацвёртага курсу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Дадому, у Віцебск, ехала маршруткай з Вільні. Дзесяцярых пасажыраў мікрааўтобусу прапусцілі, а дзяўчыну папрасілі пачакаць і пачалі правяраць дакументы, а потым памежнік заявіў, што студэнтку не могуць прапусціць, бо яна вучыцца на тэрыторыі Еўразвязу.

«Канечне ж гэта незаконна і абсурд, калі так можна сказаць, тым больш, што цяпер гэта тлумачаць тым, што не пускаюць у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Як маё навучанне за мяжой уплывае: я больш уразлівая да віруса і магу яго неяк увезці ў нашу краіну? Гэта абсурдна», – адзначае Настасся.

На ўсе пытанні разгубленай дзяўчыны адказ быў адзін «не даем каментароў». У інтэрнэце Дзяржпагранкамітэт сітуацыю абгрунтоўвае так:

«У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай, якая склалася ў сумежных краінах, Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фiзiчных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны».

Але не ўпускаць у краіну беларускіх грамадзянаў, памежнікі не маюць права, – кажа юрыст, праваабаронца Леанід Судаленка: «Аб увядзенні ваеннага ці надзвычайнага становішча не аб’яўлялася, таму павінна дзейнічаць канстытуцыя артыкулам 30-тым, дзе кожнаму грамадзяніну гарантуецца выбар месца жыхарства як унутры краіны так і кожны грамадзянін мае права пакідаць сваю краіну ды вяртацца ў сваю краіну.

Чаму не дзейнічае канстытуцыя – гэта пытанне рытарычнае».

Пытанне і ў тым, чаму на наземных пунктах пропуску ў студэнтаў узнікаюць праблемы з перасячэннем мяжы, а паветраным шляхам вярнуцца ў Беларусь можна. Дарэчы так Анастасія і трапіла дадому: бяспечна, як кажуць на гарачай лініі дзяржпагранкамітэту. Штопраўда, удвая даражэй.

Каця Малей, «Белсат»