Беларускі пра тое, як спалучаць мацярынства, працу і хобі


У Беларусі адзначаюць Дзень маці. Хтосьці атрымае падарункі і цёплыя словы ад самых блізкіх, а кагосьці на афіцыйным узроўні ўзнагародзяць прэміямі і ордэнамі. Кіраўніцтва краіны заклікае грамадзянак нараджаць не менш за траіх дзяцей. Наколькі гэта магчыма для звычайных людзей?

Алена Жук паводле адукацыі псіхолаг. З нараджэннем першых двух дзетак яна спалучала мацярынства з працаю ды вучобаю. А калі з’явіўся трэці, вырашыла сканцэнтравацца на выхаванні дзяцей:

«Спалучаць мацярынства і працу цяжка. Кожны від дзейнасці патрабуе напружання. Мацярынства самое сабой не лёгкае. Ёсць выраз: «Жанчына сядзіць у дэкрэце». Гэта не так. Жанчына не сядзіць. Жанчына працуе і працуе вельмі напружана».

Заклікі нараджаць больш у Беларусі гучаць з самых высокіх трыбунаў.

«Пабудаваць перадусім камфортнае жыллё для тых, хто нарадзіў трое, пяцёра, сямёра дзяцей», – патрабуе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Больш за тое, кіраўнік краіны лічыць, што толькі шматдзетным трэба дазволіць займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Дзее ў нашай краіне праграма дэмаграфічнай бяспекі, грашовыя выплаты. Лічбы ў статыстыках аб нараджальнасці сапраўды растуць. З 2010 года колькасць жанчын, якія нарадзілі другое і трэцяе дзіця, павялічылася ўдвая. Але, стымулюючы нараджальнасць, існая ў краіне праграма не прадугледзела сацыяльна-эканамічнай падушкі бяспекі для маці, лічыць сацыёлаг, экспертка ў гендарнай статыстыцы Ірына Саламаціна:

«Калі ты маці, і ў цябе маленькае дзіця, значыць, ты будзеш сядзець на бюлетэні і не будзеш паўнавартаснай працаўніцай; калі ў цябе няма дзяцей, то ты хутка станеш маці. Ну і трэцяе пытанне – аб узросце сталых жанчын, бо сталыя жанчыны-маці з рынку працы таксама выцясняюцца».

Ці проста маці ў дэкрэце, і ці складана пасля яго знайсці працу? Пытаемся ў жыхароў Менску:

«Бачыце, што мая дачка побач са мной? Але яна мае быць у дзіцячым садку. Месцаў няма».

«Я ведаю, што зараз будзе цяжка знайсці працу, дзе я змагу спалучаць двух дзяцей, гурткі, заняткі. Павінна быць стоадсоткавая пяцідзёнка».

«У мяне цудоўны муж, і пытанне з працай у мяне не стаіць, я спакойна гадую дзетак. Якія цяжкасці ў мяне – то адсутнасць уласнага часу».

Уласны ж час пры выхаванні дзяцей неабходны. Не толькі каб часам змяніць абстаноўку, але і каб развівацца.

«Любой жанчыне, я лічу, таксама важна несці ў свет тое, чым яна адораная. І вось гэта якраз і патрабуе падтрымання грамадства. Магчыма, гэта нейкія іншыя віды працы», – распавядае маці траіх дзяцей Алена Жук.

Для Алены такім выйсцем стала вядзенне гурткоў. Па фальклорным спеве, па мове жыцця. Цяпер яна вядзе гурток «Работа дзеля радасці» – аб пошуку сябе ў працы і аб тым, як магчыма працаваць і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

Таццяна Уласенка belsat.eu