Беларускі палкоўнік выдаў кнігу па гісторыі Беларусі. На вокладцы: Міцкевіч, Дамейка і Касцюшка!


Вось кніга – «Вялікая спадчына Беларусі». На вокладцы – партрэты славутых беларусаў: Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі ды іншых. А савецкай спадчыне прысвечаная не палова кнігі, як часта бывае, а ўсяго адная частка. І самае галоўнае: аўтар – намеснік начальніка кафедры вайсковай стратэгіі факультэту Генеральнага штабу Узброеных сілаў Вайсковай акадэміі Беларусі палкоўнік Сяргей Лютко.

Ужо на першай старонцы кнігі сцвярджаецца, што трэба адрозніваць гістарычную Літву, што была на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ад цяперашняй суседняй дзяржавы. Паводле Сяргея Лютка, кнігадрукаванне, паэзію і нават падводны флот у Расеі стваралі беларусы, а палякі абавязаныя нашым суайчыннікам операю і рамантычнаю лірыкай.

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ, гісторык:

«Аўтар вельмі добра ведае гісторыю. Яўна, што гэта сапраўдны беларускі патрыёт. І можна пажадаць толькі як мага хутчэй убачыць гэтую кніжку па-англійску і па-беларуску. Пажадана яшчэ перакласці і на польскую мову таксама. Галоўнае – выставіць яе ў інтэрнэце. Бо цяпер друкаваць папяровыя выданні вялікім накладам нявыгадна».

Наклад кнігі невялікі – 700 экзэмпляраў. Выпушчана яна на замову Міністэрства інфармацыі. Адпаведна, гэта не проста прыватная ініцыятыва кандыдата гістарычных навук, дацэнта і палкоўніка Сяргея Лютка. На сайце Міністэрства абароны ён, каментуючы выхад кнігі, кажа, што «галоўная каштоўнасць краіны – людзі, а не нафта ці выхад да мора».

Вайсковы аглядальнік:

«Мы назіраем проста пэўную паступовую змену пакаленняў у беларускім войску. Ад людзей, якія фактычна аджылі сваё, канцэпцыі якіх ужо даўно не працуюць. І прыход у беларускія дзяржаўныя структуры людзей, якія разглядаюць незалежную Беларусь як самастойную каштоўнасць».

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ, гісторык:

«Нашыя эліты падзеленыя на тры групы. Адныя спяць і бачаць Пуціна і Расею. Другія – незалежнасць, а трэція, асноўная маса, – і мы з вамі, вагаюцца з лініяй партыі. На сённяшні момант крыху перамагаюць незалежнікі. Пра гэта сведчаць гульні: прыехаў Пуцін, выйшаў зубр і па-беларуску сказаў, што мы не адзін народ».

Нацыянальны акцэнт у цырымоніях Еўрапейскіх гульняў, увага ўладаў да адкрыцця помніку Тадэвушу Касцюшку і перапахавання Кастуся Каліноўскага. Няўжо ўлады зразумелі, што не варта базаваць дзяржаўную ідэалогію на савецкім падмурку?

Вайсковы аглядальнік:

«Яны яшчэ няздольныя перабудавацца ў ацэнках гісторыі 20 стагоддзя, але тое, што датычыць папярэдніх стагоддзяў, яны практычна перанялі адзіны дыскурс, які ў Беларусі ёсць – гэта ідэі беларускага нацыянальнага руху».

На меркаванне аглядальніка, варта, каб гэткі гістарычны падыход практыкаваўся не толькі ў войску, але і агулам у краіне. Наколькі нацыянальны паварот уладаў сур’ёзны доўгатэрміновы трэнд – убачым неўзабаве.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu