Беларускі муай тай чакае на дапамогу бізнесоўцаў


Байцоўскі клуб «Патрыёт» – кузня кадраў для нацыянальных зборных Беларусі па тайскім боксе і кікбоксінгу. Адсюль выйшлі дзясяткі чэмпіёнаў краіны, Еўропы, свету. І цяпер такі тытулаваны клуб вымушаны прасіць падтрымання ў грамадства.

Ад самага пачатку працы – больш за восем гадоў, клуб месціцца ў маленькай зале ў падвале жылога дому – каля 30 кв. м. Пераязджаць было жыццёва неабходна для развіцця і падтрымання належнага ўзроўню падрыхтоўкі спартоўцаў. Таму кіраўніцтва клубу арандавала новае вялікае памяшканне і цалкам зрабіла там рамонт.

«Мы пайшлі ў новую залу з бізнесоўцам, які абяцаў узяць на сябе ўсю нагрузку ў рамонце залы, але ў адказны момант нешта пайшло не так, і ён сказаў: «Не, хлопцы, не магу», – кажа сябра клубу Сяргей Лісоўскі.

Цяпер «Партыёт» не можа карыстацца памяшканнем праз запазычанасць за рамонт і арэндадаўцу. Фактычна, і адступаць няма як: агульная сума запазычанасці складае каля $ 10 тысячаў і проста сыход з памяшкання абсалютна нічога не зменіць. Таму сябры клубу вырашылі папрасіць грамадства дапамагчы тытулаванай байцоўскай школе і арганізавалі збор сродкаў на пакрыццё запазычанасці на платформе «Талака», каб працягваць заняткі ўжо ў новай вялікай зале.

«Мы сціпленька трэніруемся ў падвале звычайнага дому. Зала маленькая, ахвочых шмат. Сапраўды, і дзецям хочацца стварыць добрыя ўмовы. Таму мы, спартоўцы, прывычаіліся і трэнуемся пры любым надвор’і. А людзі, які хочуць далучыцца да нас, – мы проста не можам іх прыняць», – распавядае чэмпіёнка Еўропы па тайскім боксе Марыя Валент.

А ахвотных, паводле адмыслоўцаў, сапраўды шмат. Апошнім часам двубоі робяцца ўсё больш папулярныя сярод моладзі – у першую чаргу ў сувязі з сусветнай модай на змяшаныя двубоі. Толькі што беларуская дзяржава на такія трэнды рэагуе квола.

«У нас проста не алімпійскі від спорту, таму, напэўна, троху менш увагі. Але від спорту вельмі відовішчны, медаляёмкі. І ў перспектыве ён можа стаць алімпійскім. Ужо Міжнародны алімпійскі камітэт яго прызнаў, часовае прызнанне атрымалі», – кажа трэнер клубу Дзмітрый Андрушкевіч.

І для Беларусі тут бачацца вялікія перспектывы ў павелічэнні колькасці запаветных медалёў. Бо год таму на чэмпіянаце свету (які, дарэчы, праходзіў у Менску) нашая зборная перамагла ў камандным заліку. А байцоўскай сям’і «Патрыёту» паходзіць шэраг знакамітых беларускіх спартоўцаў, сярод якіх – Віталь Гуркоў, Максім Спадарэнка, Забіт Самедаў ды іншыя. А гэта патэнцыял не толькі спартовы, але і маркетынгавы.

«Мы разлічваем на тое, што бізнес разгледзіць наш спорт, наш клуб і яго байцоў як канал камунікацыі са сваёй аўдыторыяй, – дадае Сяргей Лісоўскі. – Камерцыя ў спорт, вядома, павінна прыйсці і ў Беларусі. Таму што Беларусь – гэта не выключэнне».

Цяпер жа якраз той момант, каб праверыць, ці сапраўды так. Бо два гады таму беларусы талакою ўжо дапамаглі тайскаму боксу, сабраўшы грошы на паездку Віталя Гуркова на чэмпіянат свету, дзе ён у выніку перамог. Хоць сродкі ўрэшце і не спатрэбіліся – дзяржава ў апошнім момант згадзілася фінансаваць «народнага чэмпіёна». Раптам такі сцэнар магчымы і цяпер?

Зміцер Міцкевіч; фота – Дзяніс Дзюба