Беларускі і туркменскі дзяржаўныя канцэрны судзяцца ў Стакгольме


Два гады таму Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў разам ціснулі кнопку запуску Гарлыкскага горнаўзбагачальнага камбінату. Тады кіраўнік Беларусі абяцаў зрабіць Туркменістан калійным флагманам Цэнтральнай Азіі. А цяпер нашыя краіны судзяцца ў Стакгольме. У чым справа? Разбіраўся Аляксандр Папко.

Меліся дыверсіфікаваць экспарт, атрымалі скандал. Беларускі ды туркменскі дзяржаўныя канцэрны ў шведскім судзе вызначаюць, хто вінаваты ў тым, што калійны камбінат у туркменскім Гарлыку не быў даведзены да ладу. Тлумачыць Яраслаў Раманчук, даследчы цэнтр Мізэса:

«Быў разлік на тое, што з’явіцца палітычны падтэкст, будуць палітычныя дамоўленасці, мы заробім грошы. А паколькі краіны не маюць добрых рынкавых адносінаў з цывілізаваным светам, то дзве краіны будуць адна адну падтрымліваць».

Але аўтарытарнай салідарнасці не ўзнікла. Замоўнік будоўлі «Туркменхімія» хоча спагнаць з «Белгархімпраму» 150 мільёнаў долараў. Беларускі бок выставіў рахунак на 52 мільёны. Генеральны дырэктар «Белгархімпраму» Вячаслаў Коршун:

«Гэта арбітражны працэс. Цяпер ідзе выбар арбітраў. Яны выбралі арбітра са свайго боку. Мы – са свайго. І яны будуць складаць арбітражны расклад. Так выглядае працэдура міжнароднага арбітражу».

Горнаўзбагачальны камбінат у Гарлыку меўся ператварыць Туркменістан у адзін з найбуйнейшых пастаўляльнікаў калійных угнаенняў у свеце. Кнопку запуску Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандр Лукашэнка націснулі на пачатку 2017 года. Беларусы пратэрмінавалі графік больш як на два гады і ўсё роўна здалі недабуд – першым заявіў у судзе Туркменістан.

«Напярэдадні здачы комплексу, бачачы практычную яго негатовасць, урад Рэспублікі Беларусь пісьмова звярнулася ў Туркменістан з просьбай прыняць завод 31 сакавіка 2017 года, а ўсе недабудаванае і недапастаўленае яны нібыта завершаць на працягу бягучага года ў рамках дадатковага пагаднення». (GUNDOGAR-NEWS.COM)

За гэтыя завяршальныя працы беларусам не заплацілі, працаваць на камбінаце не дазволілі, а цяпер не аддаюць тэхнікі на 7 мільёнаў долараў – выступае з прэтэнзіямі Менск. Адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін мяркуе:

«Ніхто не можа сказаць, чыя праўда, а хто вінаваты – да рашэння суда. Але гэты зварот у суд выглядае як ход канём. Маўляў, мы настолькі ўпэўненыя ў сваёй праўдзе ў гэтай сітуацыі, што гатовыя падаць у арбітраж».

Ашгабад сітуацыі пакуль не каментуе – у Цэнтральнай Азіі святкуюць Наўруз. Канцэрн «Туркменхімія»:

«Свята, сёння адпачываем. Сёння, заўтра, у суботу і нядзелю – выходны. Звязацца можна толькі ў панядзелак».

Нарошчваць экспарт у краіны, «дзе нас не ведаюць», Лукашэнка загадаў яшчэ 10 гадоў таму. Але пакуль планы зазнаюць паразу.

«Варта падыходзіць экспертна і навукова да іх і вывучаць перспектывы – пачынаючы ад культуры і традыцыі гэтых рэгіёнаў і заканчваючы на падліках, чым гэта для нас можа абярнуцца», – кажа Яўген Красулін.

Восем гадоў таму няўдачаю скончылася спроба здабываць нафту ў Іране. Ахопленая крызісам Венесуэла была не ў стане заплаціць за будаўнічыя праекты. Нічога не атрымліваецца з эканамічнай супрацы з Суданам.

«Калі вы працуеце з таталітарнымі або аўтарытарнымі краінамі, дзе ёсць Чавэс, Мадура або іншыя дзіўныя лідары, якія маюць прыватныя арміі і рабуюць свае краіны, то будзьце гатовыя да таго, што ў вас таксама кавалачак у некалькі мільёнаў або соцень мільёнаў долараў скрадуць», – гаворыць Яраслаў Раманчук.

Да чыіх аргументаў прыслухаецца стакгольмскі суд, эксперты сказаць не могуць. Аднак звяртаюць увагу на тое, што нават аўтарытарныя лідары незалежным заходнім суддзям давяраюць нашмат больш, чым прызначаным суддзям з Менску або Ашгабаду.

Аляксандр Папко, belsat.eu