Беларускі хакей апускаецца на дно


Коней на пераправе не мяняюць. – Толькі не ў беларускім хакеі. Пасля шэрагу разгромных паразаў на чэмпіянаце свету, зборную Беларусі пакінуў трэнер каманды Дэйв Л’юіс. Эксперты знаёмыя з сітуацыяй называюць атмасферу ўнутры каманды бардаком. Ігар Кулей высвятляў хто вінаваты, і ці ёсць ратунак.

Раскаталі ўсухую. Для нашай хакейнай зборнай гэта трэцяя параза запар на сёлетнім чэмпіянаце свету. Беларусь апусцілася на апошняе месца ў групе, а лік прапушчаных шайбаў дайшоў да 17-ці, пры дзвюх забітых. У гэтых умовах са зборнай сышоў, а, можа, і яго «сышлі», галоўны трэнер каманды – Дэйв Лʼюіс.

«Здымаць трэнера пасярод чэмпіянату гэта непрыемная практыка, але іншага выйсця няма. У каманды нічога не атрымліваецца, а адстаўка трэнера заўсёды прыводзіць да ператрусу ў камандзе. Нам патрэбная толькі адная перамога, каб застацца ў найвышэйшым эшалоне», – кажа спартовы журналіст Сяргей Южык.

Пра медалі ды месцы ўжо ніхто не думае, абы ў эшалоне ўтрымацца.

«Мы перабываем на высокім узроўні. Грошы, выдаткаваныя на хакей, бясследна не зніклі. Беларусь уваходзіць у дзясятку лідараў хакею… Я не магу сказаць, будзем мы трэція, пятыя ці сёмыя. Але магу абяцаць, што будзем рабіць усё магчымае, каб падымацца ў хакейнай іерархіі вышэй і вышэй», – хваліўся кіраўнік Беларускай федэрацыі хакею Сямён Шапіра.

Грошай уклалі шмат, але малаэфектыўна

Падняліся! Але чаго можна чакаць ад чыноўніка, які да кіраўніцтва хакеем займаўся пытаннямі зусім іншага профілю? Кіраваць айчынным хакеем былога кіраўніка Менскае вобласці прызначыў асабіста Аляксандр Лукашэнка, бо даўно быў незадаволены вынікамі. І гэта пры тым, што з асабістае ласкі кіраўніка Беларусі, які мае слабасць да гэтага віду спорту, хакей – самая шчодра фінансаваная дысцыпліна. Толькі ўявіце сабе, кожны пяты бюджэтны рубель, прызначаны на спорт, ідзе ў хакей. Паводле розных падлікаў, за апошняе дзесяцігоддзе беларускі хакей паглынуў ад аднаго да двух мільярдаў долараў. З якім вынікам?

«Грошай уклалі шмат, але малаэфектыўна. Набудавалі палацаў, а лепш бы шмат больш каткоў. Сістэме падрыхтоўкі дзіцяча-юнацкага хакею няшмат чаго дасталася, асабліва на перыферыі. Грошай шмат, а ў асноўным вылецелі ў трубу. Выдаткавалі на легіянераў для КХЛ, у нас нават у чэмпіянаце гуляюць легіянеры, чаго быць не павінна. Для свайго чэмпіянату мы павінныя мець сваіх гульцоў», – лічыць Сяргей Южык.

Каб быць цалкам абʼектыўнымі, трэба ўзгадаць і пра сапраўдныя гісторыі поспеху. За 20 гадоў свайго існавання хакейная каманда кіраўніка Беларусі 10 разоў перамагла ў Калядным турніры. А сам Аляксандр Лукашэнка не аднойчы быў найлепшым бамбардзірам спаборніцтваў. Ужо сёлета, на турніры «Алімпійскія надзеі», найлепшым бамбардзірам прызналі Мікалая Лукашэнку. Дык можа імі і ўзмацніць зборную?

Ужо заўтра нашай камандзе давядзецца гуляць са Швейцарыяй з новым трэнерам. Патрэбная перамога. Але стаўкі супраць нас. Букмекеры ацэньваюць шанцы беларусаў як адзін да чатырох.

Ігар Кулей, «Белсат»