Аб'ектыў 22.09.2019 Беларускі драматург дапамагае дзецям не баяцца дантыста


«Самае галоўнае ў нашым жыцці, каб мы, беларусы, не баяліся пазбаўляцца ад сваіх страхаў. Вось! І тады жыццё стане лёгкім, цудоўным, усмешлівым», – упэўнены аўтар п’есы «Зубное шчасце».

У кожнага – свае страхі. Адзін з агульных для ўсіх дзяцей страхаў – візіт да стаматолага. Як не баяцца лячыць зубы, распавядае спектакль Васіля Дранько-Майсюка, які паказалі ў Горадні.

«Я вельмі баяўся доктара. Памятаю, у дзіцячым садку нас прывялі да гэтага стаматолага, і такі быў крык, і не мой крык, а майго папярэдніка. Ён так тросся ў гэтым крэсле, што я падышоў да гэтага крэсла, сам закрычаў і ўцёк», – распавядае драматург.

Цяпер лячыць зубы – не балюча, даводзіць гісторыя ласуна Алесіка. Уначы, пакуль бацькі спалі, хлопчык забраўся ў лядоўню і адзін з’еў цэлы торт. Чакаць наступстваў доўга не давялося: на зубкі напаў карыес, ратавацца ад якога прыйшлося ў стаматолага.

Рэпартаж з прэм’еры глядзіце ў поўным выданні навінаў

Павучальная гісторыя са шчаслівым канцом не пакінула гледачоў абыякавымі.

«Карыес быў смешны, бормашына, укол, усе персанажы былі вельмі смешныя, і казка вельмі спадабалася».

«Хацелася, каб дзеці больш размаўлялі на роднай мове, бо ў школе так мала гэтаму надзяляецца ўвагі».

Аўтар спектаклю і яго адзіны, не лічачы цацак і папяровых лялек, актор сцвярджае: трэба смела глядзець у будучыню, быць адкрытым і заўжды шырока ўсміхацца.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары