Аб'ектыў 26.01.2018 Што хаваецца за беларускай «вёскай будучыні»?


Падтрымліваць жытло ў задавальняючым стане жыхарцы аграгарадку Верцялішкі Наталлі Садоўскай няпроста. Ужо два гады жанчына змагаецца з цвіллю: у кватэру з вуліцы праточваецца вільгаць.

«Усё б нічога, калі б не здароўе дзіця. Пастаянны насмарк, ён хварэе, я баюся, што перарасце ў штосьці хранічнае», – скардзіцца Наталля.

Дом, у якім жыве маладая сям’я, пабудавалі ў 1979-ым

А два гады таму камунальнікі зрабілі ў пяціпавярхоўцы рамонт: абабілі кафлю на фасадзе і зашпаклявалі сцены, на якія не паклалі ацяпляльніка.

«Раней была кафля, і не было такой праблемы, таму што па плітцы сцякала ўся вільгаць і яна не пранікала ў дом, а, калі яны на цагліну голую паклалі дэкаратыўны тынк, зʼявіліся гэтыя праблемы. Пачало зацякаць», – тлумачыць спадарыня Садоўская.

Па дапамогу Наталля звярнулася ў ЖКГ і санэпідэмстанцыю

Рамонт праблемных участкаў абяцалі выканаць яшчэ летась у снежні, аднак дагэтуль да працаў ніхто не прыступіў. На ўчастку «Верцялішкі» Скідзельскай ЖКГ гэта патлумачылі бюракратызмам працэдуры.

«Проста так за 1 секунду яе не ўцепліш, трэба знайсці арганізацыю, прайсці тэндар, усе аперацыі, якія неабходныя, каб усё было паводле закону, і ёй Скідзельскае ЖКГ адказала, што будзе зроблена», – зазначыла Алена Шыпко, майстарка мясцовага жылфонду.

Цеплавую мадэрнізацыю паабяцалі выканаць толькі для адной сцяны. Каб уцяпліць іншыя, трэба рабіць капітальны рамонт, а дом на чарзе ўжо не стаіць.

Наталлі яшчэ пашанцавала з домам!

А вось у доме на вуліцы Маладзёжнай немагчыма заставацца ў кватэры падчас дажджу без вёдраў. Вада тут льецца наўпрост са столі. Прычынаю працякання стаў таксама няякасны рамонт. Справа зрушыла з месца пасля візіту журналістаў.

«Прыязджалі вы ў чацвер, а ўжо ў суботу каля васьмі вечара прыехала група з райвыканкаму ў якую ўваходзіў начальнік ЖКГ раёну», – падзяліўся жыхар дому Генадзь Піцко.

Амаль за 70 гадоў сельскагаспадарчы кааператыў, на балансе якога гэты будынак, рамонту гэтак і не зрабіў. З цвіллю ды грыбком тут людзі жывуць ужо пяць гадоў да нарэшце спадзяюцца на развязанне праблемы.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары