Аб'ектыў 03.10.2018 Беларуская тэхніка ў ДНР. Пашыранае расследаванне «Белсату»


Пакуль на ўсходзе Украіны ідуць баявыя дзеянні, беларускія прадпрыемствы прадаюць тэхніку абодвум бакам канфлікту: і ўкраінскай дзяржаве, і баевікам ДНР-ЛНР, якіх падтрымліваюць кадравыя расейскія вайскоўцы. Пра гэта сведчыць чарговае расследаванне, праведзенае журналістамі «Белсату». У адрозненні ад 2014-га года, цяпер гандаль ідзе праз расейскія фірмы-пракладкі, каб беларускія фірмы не трапілі пад санкцыі за парушэнне законаў Украіны.

Менскі аўтамабільны завод пастаўляе грузавікі ў ДНР праз адмысловыя фірмы-пракладкі пры дапамозе расейскіх чыноўнікаў. Схему абыходу ўкраінскіх санкцыяў расследавала нашая калега Кацярына Андрэева, прычым трапіла на след падчас прагляду навінаў непрызнанай рэспублікі. Пры канцы жніўня данецкі тэлеканал «Юніон» анансаваў вытворчасць смеццявозаў на Тарэзскім электратэхнічным заводзе на шасі МАЗу. На выставе «Патэнцыял ДНР» была і дэлегацыя з Беларусі пад кіраўніцтвам Сяргея Пятрова.

Сяргей Пятроў, прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі:

«Тыя ж смеццявозы. Тарэзскі завод. Я дамовіўся з дырэктарам МАЗу, гэта былы міністр прамысловасці. Праз адпаведную структуру могуць пастаўляцца шасі на растоўскія фірмы і г. д. А тут збіраць смеццявозы».

Дырэктар МАЗу, былы міністр прамысловасці – гэта Дзмітрый Кацярыніч. Ужо ў Менску падчас інтэрв’ю расейскі чыноўнік «не пад запіс» паказаў журналістцы «Белсату» афіцыйны ліст Пятрову ад кіраўніцтва сепаратыстаў, перанакіраваны Кацярынічу.

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату»:

«Пятроў паклікаў сакратарку, сакратарка прынесла тэчку з дакументамі, і ён дастаў арыгінал дакументу з грыфам «Міністэрства прамысловасці і гандлю ДНР», у якім вялася гаворка не толькі пра камплектныя, напрыклад, шасі, але і цэлыя грузавыя аўтамабілі».

Сяргей Пятроў – афіцыйны прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі, неўязны ва Украіну, і гібрыдную агрэсію Расеі называе «палітычнаю абстаноўкай».

Сяргей Пятроў, прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі:

«Я садзейнічаю кампаніям беларускім, незалежна ад формы ўласнасці – прыватнай, дзяржаўнай, выходзіць на рынак як маёй вобласці, так і Расейскай Федэрацыі… так і ДНР».

Чыноўнік распавёў, што і МАЗ, і Менскі трактарны, і вытворца пагрузчыкаў «Амкадор» пастаўляюць машыны ў кантраляваны сепаратыстамі Данецк – але не наўпрост, а праз фірмы, адмыслова зарэгістраваныя на грамадзянаў ДНР. Сяргей Пятроў, прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі:

«Гандлёвы дом МАЗа прадае розным расейскім кампаніям, зарэгістраваным на тэрыторыі Расеі, і адтуль аўтамабілі трапляюць і ў Данецк».

А там на беларускую тэхніку лепяць таблічку «Зроблена ў ДНР» ды адпраўляюць на тое, што засталося ад заводаў. Напрыклад, у горад Тарэз, які стаў сусветна вядомы, калі адсюль імаверна зенітная ракета сепаратыстаў збіла малайзійскі «Боінг». Тут, на заводзе ТЭТЗ, які ніколі не займаўся калёснаю тэхнікай, ужо год як імітуюць вытворчасць экскаватараў-пагрузчыкаў. Ігар Нявалены, дырэктар Тарэзскага электратэхнічнага заводу:

«Падпісалі ліцэнзійнае пагадненне, адпаведна якому атрымаем канструктарска-тэхналагічную дакументацыю і будзем асвойваць выпуск навяснога абсталявання».

А з кім падпісалі пагадненне? Праверыць не цяжка: чарцяжы і фатаграфіі нібыта ДНР-аўскіх трактароў з Тарэзу належаць прадпрыемству «Дарэлектрамаш». Юрыдычны адрас – Беларусь, горад Смалявічы. І сам трактар са смалявіцкім навясным абсталяваннем – не данецкі «ТЭТЗ», а «Беларус 92П», Менскага трактарнага заводу. Аляксандр Захарчанка, кіраўнік ДНР:

«Ганаруся, што пачынаем збіраць тут трактары. Гэта тая ж праграма, што і аўтобусы. Узлавая зборка. Але ў перспектыве будзем тут рабіць і навясное абсталяванне. 2 гэтых трактары пойдуць сёння ў Дэбальцава на прыборку снегу».

Экскаватарам і пагрузчыкам можна і снег прыбіраць, але звычайна на вайне яны капаюць акопы і бліндажы. А на шасі МАЗу можна паставіць і кузаў для перавозкі жаўнераў і боепрыпасаў, і рэактыўную сістэму залпавага агню «Град». На Менскім аўтазаводзе «Белсату» сказалі, што пра пастаўкі ў Данецк нічога не ведаюць. А ў гэтак званым Міністэрстве прамысловасці ДНР – што супраца з Менскам ёсць, але неафіцыйная, і ўсе пра гэта маўчаць. Але ёсць яшчэ і супраца з Украінаю – афіцыйна і наўпрост. Дзяніс Лаўнікевіч, беларускі журналіст у Кіеве:

«МАЗ пастаўляе вялікую колькасць грузавікоў для ўкраінскага войска, ВСУ. Гаворка ідзе пра машынакамплекты, якія збіраюць ва Украіне пад назвай «Багдан». Але гэта беларускія грузавікі, першапачаткова вырабленыя для ваенных патрэбаў яшчэ ў Беларусі».

Як лічыць аглядальнік Дзяніс Лаўнікевіч, афіцыйны Кіеў наўрад ці ўжыве санкцыі супраць МАЗу, бо ад іх пацярпяць абодва бакі. Бо МАЗ для Украіны – гэта грузавікі для войска, аўтобусы, запчасткі і сэрвіс. Але пэўныя палітычныя крокі можна чакаць.

Яраслаў Сцешык, Кацярына Андрэева, belsat.eu

У матэрыяле выкарыстаныя відэа tk-union.tv і dnr-online.ru

Сакрэты «неафіцыйнага гандлю». Як прадукцыя МАЗу трапляе ў ДНР

Глядзі таксама
Каментары