Аб'ектыў 16.10.2018 Беларуская Праваслаўная Царква можа трапіць у сусветную ізаляцыю


Раскол ці вызваленне? Пра пераход з Маскоўскага патрыярхату пад крыло Канстанцінопалю заявіў першы з украінскіх іерархаў – мітрапаліт Пераяслаў-Хмяльніцкі. Тым часам Масква разарвала кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам ды абвесціла пра кары для святароў і вернікаў, якія гэтыя кантакты будуць падтрымліваць. Спрэчка Масквы ды Канстанцінопалю закранае і Беларусь. Якім чынам?

Гэта не раскол, а прызнанне адзінства і незалежнасці Украінскай Царквы, адзначаюць прадстаўнікі Кіеўскага патрыярхату. Прызнанне Канстанцінопалем самастойнасці Кіева сталася прычынаю разрыву дачыненняў паміж Расейскаю праваслаўнаю царквой і Сусветным патрыярхатам.

Архіепіскап Еўстрацій, інфармацыйны аддзел Кіеўскага Патрыярхату:

«Мы бачым, што за апошнія месяцы ніводная з памесных праваслаўных цэркваў такога рашэння не ўчыніла, і пагатоў цяпер гэтым шляхам не пойдзе. Расейская Царква апынецца ў ізаляцыі».

У Маскве думаюць іначай. На сінодзе Расейскай праваслаўнай царквы маскоўскія іерархі заявілі пра «поўны разрыў еўхарыстычных дачыненняў» з Канстанцінопалем. Мітрапаліт Іларыён, аддзел вонкавых царкоўных сувязяў РПЦ:

«Мы не зможам здзяйсняць супольных богаслужэнняў з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Нашыя архірэі ды святары не змогуць прымаць удзелу ў літургіі з іерархамі і святарамі Канстанцінопальскага патрыярхату, а свецкія людзі не змогуць прычашчацца ў святынях Канстанцінопальскага патрыярхату».

Канстанцінопальскі патрыярхат лічыцца самым аўтарытэтным у праваслаўным свеце. Яго гісторыя налічвае амаль 1700 гадоў, а святыні размешчаныя на тэрыторыі сённяшняй Турцыі ды паўночнай Грэцыі, у тым ліку – у папулярных турыстычных рэгіёнах. Браць удзел у богаслужэннях у гэтых святынях вернікам Маскоўскага патрыярхату забаронена.

Вернікі, апытаныя намі ў Менску, забарону прымаць удзел у богаслужбах у святынях Грэцыі ды Турэччыны не падтрымліваюць:

«Ну як можна верніку забараніць пайсці ў царкву і размаўляць з Госпадам?»

«Айцец нябесны адзіны! А Ісус – ягоны сын. У любую царкву, нават у сінагогу зайдзіце (я праваслаўны) – і сваймі словамі памаліцеся!»

«Ёсць у верніка віза – ён паехаў на Крыт і памаліўся. Пры чым тут патрыярх Кірыл?»

«Вера – гэта акурат тое, што не дазваляе назваць прыходы ў тыя святыні грахом. Не паварочваецца нават язык. Я думаю, што граху ў гэтым няма».

Аднак наступствы для праваслаўных Беларусі могуць быць значна глыбейшыя, чымся забарона браць удзел у службах у «замежных» цэрквах.

Канстанцінопаль прызнаў незаконным сваё рашэнне з 1686-га года, якое некалі дазволіла Маскве прызначаць Кіеўскага мітрапаліта. Скасаванне ўказу дае права вызначыцца не толькі праваслаўным Украіны, але і Беларусі, часткі Літвы, Польшчы ды нават Расеі.

Рамунас Богданас, аналітык DELFI.LT:

«У гэтай заяве Канстанцінопальскага сіноду гаворка ідзе не пра Украіну, а пра Кіеўскую мітраполію, якая ўключае ўсе гэтыя тэрыторыі […]. Ціск на Менск цяпер вельмі моцны, і я не ўпэўнены, што Беларуская Царква наважыцца цяпер на што-небудзь, нават калі ёй вельмі хочацца».

Прыкладам ціску на вальнадумных беларускіх святароў можа паслужыць пакаранне айца Аляксандра Шрамка. Яму на год забаранілі служыць за тое, што ў сацыяльнай сетцы ён пакрытыкаваў патрыярха Кірыла за шматлікую ахову і нежаданне павітаць беларускіх вернікаў.

Аляксандр Шрамко, святар БПЦ МП:

«Здаецца мне, што да царквы яшчэ далёка – да сапраўднай царквы. Патрэбныя нейкія рэформы. Трэба падымаць вострыя пытанні, пра гэта казаць. Вось я ўзяў на сябе такую місію».

Калі мяняюцца дзяржаўныя межы – мяняюцца і межы памесных цэркваў. Гэта не супярэчыць кананічнаму праву, адзначаюць эксперты. Гэтак некалі ўзніклі аўтакефальныя цэрквы Сербіі ды Румыніі. Адмова прызнаць незалежнасць Украінскай Царквы можа аддзяліць Маскоўскі патрыярхат ад сусветнага праваслаўя. Разам з ім у ізаляцыю можа трапіць і праваслаўная царква ў Беларусі.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары