Беларуская «Мроя»


Усё больш беларусаў могуць набыць вышыванку ці нацыянальны сувенір не праз інтэрнэт. Паводле сайту Symbal.by ужо ў двух дзясятках гарадоў адкрыліся крамы з рэчамі ў нацыянальнай стылістыцы. Нядаўна да іх далучыўся Гомель.

Ад гумкі для валасоў да заплечніка, ад кубка да тышорткі – цяпер і ў Гомлі можна набыць рэчы з беларускаю сімволікаю. Паміж гандлёвым цэнтрам «Сакрэт» і Цэнтральным рынкам адкрылася крама «Мроя». Уладальнік лічыць яе не толькі камерцыйным праектам.

«Цікава нават проста людзям распавядаць, як што было раней. Многія прыходзяць не для таго, каб штосьці купіць, а як у музей, і я ім з задавальненнем распавядаю з гісторыі факты цікавыя», – кажа ўладальнік крамы Дзяніс Мядзведзеў.

Ідэя стварэння крамы тавараў з беларускаю сімволікаю нарадзілася, яшчэ калі Дзяніс Мядзведзеў з Рэчыцы працаваў настаўнікам гісторыі.

«Зайшоў на сайт Symbal.by, і мне спадабаліся рэчы, якія там прадаваліся, замаўляў розныя дробязі, і была мэта адчыніць штосьці такое сваё», распавядае Дзяніс.

Менавіта Symbal.by – галоўны партнёр крамы «Мроя». У будучыні ж Дзяніс плануе не толькі пашырыць асартымент, але і супрацоўнічаць з мясцовымі майстрамі.

Гомель – ужо дзясяты горад у Беларусі з гэткаю крамаю, сярод абласных цэнтраў сваёй беларускай «Мроі» няма толькі ў Магілёве.