Беларуская мова. Ну вывучу, а што далей?


Беларуская мова – адная з найбольш старажытных сярод славянскіх. Адпаведна, беларусу лягчэй разумець і вывучаць славянскія мовы, бо беларуская ўтрымлівае ў сабе шмат архаічных формаў, агульных для ўсіх моваў групы. У той жа час праз гістарычныя прычыны нашая мова пакуль не вельмі жорстка стандартызаваная.

Андрэй Хадановіч, літаратар:

«Там, дзе беларуская мова ўжо ўжываецца, яна імкліва якасна змяняецца і засвойвае новыя паверхі. Яна расце ўверх да інтэлектуальных вышыняў – раз. Яна прарастае ўніз, пашыраецца да дэмакратычнага карыстальніка праз дубляж мульцікаў і фільмаў, праз інтэрнэт-карыстанне, праз слэнг, праз музыку».

У апошнія некалькі гадоў на фоне росту цікаўнасці да ўсяго нацыянальнага некаторы ўздым перажывае і беларуская мова. Перадусім дзякуючы прыватным ініцыятывам, але не дзяржаўным. Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы:

«За апошнія 20 гадоў сітуацыя кардынальна змянілася ў тым сэнсе, што беларуская мова часцей падвяргаецца дыскрымінацыі і беларускамоўныя грамадзяне падвяргаюцца дыскрымінацыі. Хоць трэба сказаць, што дзяржава ў гэтым сэнсе робіць нелагічныя крокі, абмяжоўваючы права грамадзян на адукацыю на беларускай мове для іхных дзяцей на ўсіх узроўнях».

І сапраўды. Цяпер толькі каля 13 % усіх школьнікаў навучаюцца па-беларуску – летась колькасць вучняў беларускамоўных школаў склала каля 130 тысячаў чалавек. 10 гадоў таму гэтая лічба была ўдвая большая. А ў вышэйшых навучальных установах па-беларуску навучаецца менш за адсотак усіх студэнтаў! Андрэй Хадановіч, літаратар:

«Загадай беларусам быць беларусамі – не было б лепшых беларусаў. У гэтым сэнсе чалавек на месцы чакае нейкіх сігналаў ад улады. Прагматычны аспект запатрабаванасці мовы ў будучыні заахвоціў бы шмат каго, відавочна. Ну, вывучу, а далей? Вось гэтае пытанне «А далей?» шмат на што адказвае».

Але ці сапраўды толькі на загад нашыя людзі згодны любіць сваё? Жыхары Менску адпавядаюць:

«Трэба, каб беларуская мова нашая распаўсюджвалася, каб народ яе ведаў».

«Чалавек, які не ведае сваёй мовы, я не думаю, што можа сябе лічыць годным чалавекам. Трэба ведаць мову сваю матчыну».

«Гэта самое сабой разумеецца – мы павінныя размаўляць на беларускай мове. Але, на жаль, нас адвучылі ад гэтага ў свой час».

«Дзяржава павінная рэкламаваць і распаўсюджваць беларускую мову, бо мы – Беларусь, мы – беларусы. Нягледзячы на тое, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, менавіта гэтая – нашая родная».

Згодна з міжнароднаю класіфікацыяй ЮНЭСКО, беларуская мова перабывае ў групе моваў пад патэнцыйнаю пагрозай знікнення. Пераламіць гэтую тэндэнцыю – справа агульнабеларуская, адзначаюць адмыслоўцы.

У цяперашні час новых тэхналогіяў знайсці якасны беларускі кантэнт – невялікая праблема. Дзякуючы прыватным ініцыятывам лёгка дасяжныя кнігі, часопісы, фільмы па-беларуску. Ды і «Белсат», урэшце. Дык не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM