Беларуская моладзь з замежнаю адукацыяй усё радзей вяртаецца на радзіму


Чаму беларуская моладзь з’язджае вучыцца за мяжу? Ці магчыма вяртанне беларускіх спецыялістаў з замежнымі дыпломамі на радзіму? Абмеркаванне гэтых пытанняў зладзіла даследчыцкае агенцтва «Тваё заўтра». Адмыслоўцы заяўляюць, што маладыя спецыялісты з замежнай адукацыяй – нацыянальная каштоўнасць, за якую мае змагацца Беларусь.

Падставаю для дыскусіі сталіся вынікі даследавання, што сцвярджае: беларуская моладзь з замежнаю адукацыяй усё радзей вяртаецца на радзіму.

«Яшчэ два гады таму я б сказала, што тэндэнцыя не дрэнная. Бо вярталася даволі шмат людзей, і гаворка вялася пра 60–65 %. Але апошнія два гады колькасць тых, хто застаецца за мяжою, – расце. І гэта звязанае і з эканомікаю краіны, і з яе нерэфармаваннем, нежаданнем уступаць у сусветны рынак працы», – сведчыць дырэктар агенцтва «Тваё заўтра» Іна Кулей.

Навучанне за мяжою – міжнародны працэс, які не абмінае і нашую моладзь. Ці вярнуліся б маладыя менчукі пасля навучання за мяжою?

«Я б хацеў атрымаць адукацыю за мяжою, бо гэта вельмі прэстыжна. Можна завесці розныя сувязі ды плюс магчымасць застацца», – кажа малады чалавек з Менску.

«Хацеў бы атрымаць адукацыю за мяжою, паглядзець, як працуюць замежныя калегі, бо я выкладчык, пераняў бы досвед і перанёс да нас у краіну», – адзначае другі рэспандэнт.

Аб’ектыў
У Менску прайшоў TEDx: квіткі раскупілі за чатыры дні
2019.03.30 21:30

«Нашая адукацыя мала дзе цэніцца. А я б хацеў рэалізавацца спаўна, таму і хацеў бы паступіць у якую-небудзь замежную ВНУ. У мяне ёсць такія думкі», – дадае іншы маладзён.

«За мяжою адукацыя мае вышэйшы ўзровень, бо яна лепш фінансуецца. Ці вярнулася б я ў Беларусь? Магчыма, не ведаю», – кажа апытаная дзяўчына.

Адʼезд беларускай моладзі за мяжу – станоўчы працэс, пры ўмове, што яна вернецца, – заяўляюць удзельнікі дыскусіі.

«Гэта інвестыцыя ў сябе: ты траціш год-два, табе «прамываюць» мазгі ў добрым сэнсе, вымываюць усю савецка-лукашэнаўскую муць, закладаюць новыя парадыгмы, стандарты і тэорыі, усё гэта «абмазваюць» крытычным мысленнем, і ты вяртаешся сюды як новенькі», – кажа журналіст Франак Вячорка.

Не толькі беларуская моладзь, але і дзяржава толькі скарыстае, калі парупіцца пра стварэння ўмоваў для вяртання дыпламаваных адмыслоўцаў на радзіму, сцвярджаюць даследчыкі.

«Усе тыя людзі, якія навучаліся за мяжою, на Захадзе – гэта ўнікальны досвед найлепшай адукацыі ды працоўных навыкаў, якіх ніколі не атрымаюць тыя, хто быў замкнёны ў гэтай адукацыйнай сістэме. І насамрэч гэта патрэбна і рынку адукацыі, і рынку працы, каб такія людзі прыязджалі і гэты досвед прыносілі», – тлумачыць аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

Даследчыцкае агенцтва «Тваё заўтра» распрацавала шэраг прапановаў для зацікаўленых міністэрстваў, каб на заканадаўчым узроўні стварыць умовы для вяртання адукаванай моладзі. Слова – за ўладамі Беларусі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu