Беларуская эканоміка ў «Размове з Лукашэнкам». І на самой справе


Эксперты кажуць, што ўва ўладаў з’явіўся запыт на кансалідацыю грамадства ў супрацьстаянні з праблемамі – у тым ліку гаспадарчымі.

З панядзелку Расея абмяжуе пастаўкі ялавічыны з нашай краіны. Такое рашэнне прынялі ў Рассельгаснаглядзе, нягледзячы на пагрозы Аляксандра Лукашэнкі распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка ведамства Сяргея Данкверта.

«Свабода і незалежнасць – даражэйшыя за любую нафту». «Незалежнасць – гэта рэнтабельна, а без расейскай нафты мы неяк пражывем». Гэтак Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сёння абвастрэнне расейска-беларускіх эканамічных дачыненняў.

Летась Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод скараціў выраб нафтапрадуктаў на 20 % з-за недахопу сыравіны: Расея скараціла яе пастаўкі ў Беларусь з-за недаплаты за газ. Сёлета, як паведаміў Лукашэнка ў часе гутаркі з выбранымі суразмоўцамі, Крэмль хоча скараціць пастаўкі нафты ў нашую краіну яшчэ на чвэрць. Лукашэнка, паводле яго словаў, паінфармаваў свайго расейскага калегу, што Беларусь распрацоўвае варыянты альтэрнатыўнага імпарту нафты – з Ірану і Канады. Паводле Лукашэнкі, Пуцін яму не паверыў.

«Ён мне адразу – ты гэтага не зробіш. Чаму? Таму, што гэта – даражэй, расейскай нафце замены няма. Я не стаў яму тлумачыць, што незалежнасць, сумленнасць, вось гэтае гістарычнае нашае мінулае – яно даражэйшае, чым гэтая нафта», – сказаў Лукашэнка падчас «Вялікай размовы».

Лукашэнка дадаў, што Расея цісне на гэтае і шэраг іншых айчынных прадпрыемстваў з мэтай атрымаць над імі кантроль пры дапамозе высокіх коштаў на газ.

Тое, што сёлета Менск, хоць і самавольна, але плаціць той кошт за газ, які лічаць справядлівым, а для прадпрыемстваў кошт накручвае ўжо «Белэнерга», Лукашэнка вырашыў не згадваць. Замест гэтага ён пераключыўся на крытыку Рассельгаснагляду – за абмежаванне паставак у Расею харчоў з Беларусі. Беларускім сілавікам было загадана завесці крымінальную справу на Сяргея Данкверта – кіраўніка расейскага санітарнага ведамства.

«Мы яго дастанем, – паабяцаў Лукашэнка. – Калі ён у вас пабудзе ў следчым ізалятары, тады ён будзе аддаваць сабе справу, што ён творыць».

Данкверт аператыўна адрэагаваў з Масквы пажаданнем, каб улады Беларусі разабраліся спярша з кантрабандыстамі, што выдаюць украінскую ялавічыну за беларускую.

Напрыканцы расейскай тэмы Лукашэнка згадаў і зону кантролю, уведзеную Расеяй на мяжы з Беларуссю. Гэта ён назваў палітычным ціскам. А патрабаванне размясціць пад Бабруйскам вайсковую базу – спробай сабатажу пацяплення паміж Менскам і Захадам.

Незалежныя адмыслоўцы, якія не трапілі ў кола падабраных для Лукашэнкі суразмоўцаў, кажуць, што ўва ўладаў зʼявіўся запыт на кансалідацыю грамадства ў супрацьстаянні са вонкавымі праціўнікамі ў эканамічнай і ідэалагічнай сферах.

«Лукашэнка цяпер у складанай сітуацыі, – лічыць эканаміст Леанід Заіка. – Эканоміка дайшла да той мяжы, якая была ў суседніх краінах у 91-92 годзе. Сцісканне склала каля 40 %. Гэта – поўны крах усёй той канцэпцыі і тых, якія былі асабіста ў яго».

На падсумаванне эканамічнай тэмы Лукашэнка сцісла згадаў, што заробак памерам $ 500 – рэалістычны, а рознагалоссі з МВФ – практычна ўзгодненыя. Праўда, апошнія чатыры гады ўсе заявы Менску аб дасягненні кампрамісу з МВФ, самым фондам ні разу не былі пацверджаныя.

Станіслаў Івашкевіч