Беларуская дыяспара адзначыла юбілей БНР у парламенце Вялікай Брытаніі


Стагоддзе ўтварэння БНР ганарова адзначаюць і беларусы свету. Прадстаўнікі дыяспары, беларускія палітычныя дзеячы ды брытанскія дыпламаты, а таксама прадстаўнікі арганізацыяў, што цікавяцца нашаю культураю, – агулам больш за 70 асобаў. Урачыстая імпрэза напярэдадні юбілею адбылася ў парламенце Вялікай Брытаніі.

Стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі – нагода звярнуць увагу на Беларусь. У Лондане брытанскія дэпутаты сустрэліся з дэлегацыяй беларусаў. Сярод іх – старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

«Дваццаць гадоў таму таксама адбывалася адзначэнне гэтага свята ў парламенце. Гледзячы на гэтую традыцыю, якую працягвае нашае згуртаванне, мы зрабілі файныя захады, каб зарганізаваць яго на пераможным высокім узроўні ў Парламенце цяпер на стогадовы юбілей», – кажа Мікалай Пачкаеў са Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім зазначае, што гэта свята кожнага беларуса незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца.

Беларусы ў Брытаніі

У Вялікай Брытаніі жывуць каля пяці тысяч беларусаў. Першае згуртаванне дыяспары было ўтворанае ў 1946-ым годзе, калі вялікая колькасць беларусаў апынулася на гэтай зямлі пасля Другое сусветнае вайны.

«Гэта вельмі важная падзея ў нашым жыцці – 100 гадоў ад стварэння незалежнай беларускай дзяржавы – Беларускай народнай рэспублікі. І таксама 100 гадоў змагання за рэалізацыю ідэалаў, запісаных у дакументах БНР», – кажа старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла.

Стаяць на глебе ідэалаў, закладзеных 25-га сакавіка 1918-га года, Рада БНР у выгнанні імкнецца і сёння.

«Гэта сто гадоў, і гэта самы стары ўрад у выгнанні. І здавалася б, гэта анахранізм, але гэта не так, таму што нам трэба, каб недзе беларусы захоўвалі дэмакратычнасць, падыход правільны да правоў чалавека, да чаго дайшла Еўропа і да чаго дайшла Польшча», – лічыць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Да забеспячэння правоў чалавека яшчэ далёка.

Напярэдадні свята распачаліся чарговыя арышты.

«Я заўсёды кажу, што каштоўнасці вельмі важныя для нас, ды калі мы здолеем дапамагчы ў правядзенні рэформаў, а я думаю, што ў Беларусі ёсць паляпшэнне і ўсё яшчэ варта чакаць адмовы ад камунізму, як гэта зрабілі шмат якія іншыя краіны, тады мы зробім усё магчымае», – зазначае Джон Ўітынгдэйл, які працуе ў групе па Беларусі брытанскага парламенту.

Да таго ж брытанска-беларускі дыялог будзе мець працяг нават на афіцыйным узроўні: чакаюць, што праз некалькі тыдняў дэлегацыя брытанскага парламенту наведае Беларусь.

Юлія Лабанава, «Белсат»