Беларускамоўная школа пад пагрозаю


Два месяцы таму Белсат распавёў пра магчымае закрыццё адзінай беларускамоўнай школы ў Камянецкім раёне праз пажарную небяспеку, адсутнасць спартовае залы і прыбіральні ў будынку. Тады мы паабяцалі сачыць за сітуацыяй, і зноў наведаліся ў вёску Амелянец, каб пабачыць як выглядае сітуацыя сёння.

Летась у снежні жыхары вёскі Амелянец на Камянеччыне прагаласавалі за тое, каб журналісты «Белсату» засталіся ў зале падчас сходу, дзе вырашаўся лёс мясцовай школы. Мясцовыя ж чыноўнікі, у тым ліку дырэктар школы Мікалай Кендысь, ні тады, ні цяпер не радыя журналістам. Пасля таго, як гісторыя пра пагрозу беларускамоўнай школе ў Амелянцы выйшла за межы вёскі, установу наведаў памочнік прэзідэнта па Берасцейскай вобласці Анатоль Маркевіч. Павел Кендысь, настаўнік гісторыі і фізкультуры, які і распачаў змаганне, лічыць прыезд чыноўніка добрым знакам.

«Ён паглядзеў будынак, пахадзіў па ўроках нават, пагаварыў з настаўнікамі, з дырэктарам, з дзецьмі, і ў яго добрае ўражанне склалася, ён сказаў, што ў прынцыпе школа можа працаваць», – распавядае Павел Кендысь.

Кіраўнік мясцовага аддзелу адукацыі Віктар Грыцук працягвае ціск на настаўнікаў, пагражаючы звальненнямі, цвердзіць Павел Кендысь. Яму ж самому вышэйзгаданы пагражаў стратаю не толькі працы: «Калі сітуацыя напалілася, то абяцаў і галаву мне адарваць». Віктар Грыцук намагаецца пакінуць у Амелянцы толькі пачатковую школу, аб’яднаўшы яе з дзіцячым садком. А па базавую і сярэднюю адукацыю вазіць дзяцей у іншую вёску.

«Справа, відаць, звязаная з нейкімі фінансамі і канкрэтна школай у вёсцы Пагранічная, бо туды былі ўкладзеныя вялікія грошы, яна добра адрамантаваная, а дзяцей там няма», – разважае Павел Кендысь.

Але для вёскі школа – не толькі ўстанова адукацыі, гэта яшчэ і цэнтр жыцця, лічыць актывіст кампаніі «За свой горад» Валянцін Лазарэнкаў, які таксама сочыць за лёсам школы:

«Сёння дзеці – гэта тое жывое і будучыня, якая для гэтай вёскі таксама не апошняя. Гэта будучыня рэальная. Калі дзяцей звязуць, калі яны не будуць ведаць, не будуць тут рабіць, падтрымліваць гэтую культуру, абрады, традыцыі і жыць, то дзе іхная радзіма?».

Лёс Амелянецкай школы мае развязацца да 1 красавіка. Пад петыцыяй жа за захаванне беларускамоўнай школы ўжо больш як тры тысячы подпісаў, іх колькасць за два месяцы павялічылася больш як у паўтара разу.

Ірына Дарафейчук belsat.eu