Беларускамоўнае навучанне: у Магілёве ідзе набор


Першакласніца Ядвіга выхоўваецца ў сям’і з любоўю і пашанай да роднай мовы. Бацькі хацелі аддаць яе ў школу з беларускай мовай навучання, але… не атрымалася.

«На жаль, у нас у Магілёве толькі адна школа на раён з беларускай мовай, і таму мы вырашылі, што дзеці пойдуць у школу, якая бліжэй да нас, куды ходзяць усе сябры», – зазначае бацька Ядвігі Павел Жукавец.

Важны крытэр для бацькоў Ядвігі – і ўзровень адукацыі ў навучальнай установе. Беларускамоўныя чацвяргі ў садочку іх не моцна задаволілі. Павел Жукавец тлумачыць, як яны праходзілі:

«Гэта было толькі «прывітанне» і «да пабачэння» – вось і ўся беларуская мова. Я лічу, што гэтага вельмі мала».

Магілёў складаецца з двух адміністрацыйных раёнаў, у кожным з якіх вядзецца набор толькі ў адну школу з беларускамоўным навучаннем. Пры гэтым класы недаўкамплектаваныя: шэсць – гэта максімальная колькасць вучняў.

«Там, дзе адміністрацыя навучальных установаў раёну зацікаўленая ў стварэнні беларускамоўнага класу і беларускамоўнай групы ў садку, там гэтыя групы і класы ствараюцца. Напрыклад, у Кастрычніцкім раёне ў мінулым годзе набралі і групу і клас, а ў Ленінскім раёне не набралі», – кажа старшыня Таварыства Беларускай мовы ў Магілёве Алег Дзьячкоў.

Пасля правядзення круглага стала з ініцыятывы ТБМ кіраўніцтва гораду вызначыла садок і ў Ленінскім раёне, дзе сёлета ажыццяўляцца набор у беларускамоўную групу. Загадчыца дзіцячага садку № 10 Алена Смалякова тлумачыць:

«Мы прапануем пры наяўнасці запыту нашых законных прадстаўнікоў, нашых бацькоў адукацыю і выхаванне на беларускай мове арганізаваць у нашай установе».

Беларускамоўны выхавацель у дзіцячым садочку нумар 10 у Магілёве ёсць, а вось самі бацькі з заявамі не спяшаюцца. Апытаныя намі жыхары Магілёва таксама не ўсе ў захапленні ад такой ідэі:

«Напэўна, не. У нас неяк усё ў асноўным на расейскай размаўляюць».

«Сама навучалася на беларускай мове, і ў мяне дзіцё навучаецца на беларускай мове. Гэта патрэбна».

«А вось дзеткам маленькім як будзе? На расейскай не ўсе ўмеюць размаўляць, а вось на беларускай?»

«Цяжка ім навучацца будзе, большасць насельніцтва расейскамоўная».

На думку магілёўскага старшыні ТБМ Алега Дзьячкова, беларусы проста пераносяць свае комплексы на дзяцей:

«Маленькія дзеці, яны наадварот, ім вельмі цікавыя новыя людзі, новыя падыходы і новая мова. У іх няма гэтай зашоранасці, гэтага комплексу вясковага, савецкага, што мова – яна сялянская».

Жыхарка Магілёва Галіна не пабаялася аддаць дачку ў недаўкамплектаваны клас з беларускай мовай навучання. На думку Галіны, заахвочваць бацькоў трэба на паўсядзённым узроўні:

«Калі людзі не будуць чуць беларускую мову ў звычайным жыцці, яны ніколі не пойдуць аддаваць сваіх дзяцей на беларускую мову. І таксама вельмі важны момант – гэта беларускамоўнае навучанне ў вышэйшых навучальных установах».

Менавіта цяпер ідзе набор у беларускамоўныя групы і класы, час падаць заяву яшчэ ёсць. Як кажуць, менавіта попыт стварае прапанову.

Вольга Васільева, belsat.eu