«Беларуськалій» супраць стачкаму. Што пастанавіў суд?


Судовае паседжанне доўжылася 8 гадзінаў. Пра тое, што забастоўку прызнаюць незаконнай, эксперты казалі за некалькі гадзінаў да прысуду.

«Гэта першы прэцэдэнт, калі наймальнік пайшоў у суд даказваць, што страйк быў незаконны і з усімі наступствамі для тых людзей, хто страйкаваў. Гэта відавочна, што страйк будзе прызнаны незаконным, бо па заканадаўстве ў нас наагул не прадугледжана палітычных патрабаванняў», – дзеліцца Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў.

Паводле эксперта, выканаць працэдуру забастоўкі паводле заканадаўства ў Беларусі немагчыма. Сёння на судзе інтарэсы пазоўніка прадстаўлялі шасцёра працаўнікоў прадпрыемства, а адказчыкам быў стачачны камітэт у асобе Сяргея Шыца, які з 20-га жніўня не ёсць у стачкаме і ў страйку не бярэ ўдзелу.

«Мяне абіралі ў страйкавы камітэт, гэта былі людзі, я бачыў, каго я прадстаўляю. Гэта была маса, шмат людзей. Аўторак, серада… Людзі развярнуліся і сышлі, да чацвярга я ўбачыў, што я ўжо нікога не прадстаўляю», – кажа Сяргей Шыц.

Дзейны сустаршыня страйкавага камітэту, які і павінен быў рэпрэзентаваць яго інтарэсы, Анатоль Бокун, цяпер адбывае арышт за арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Але, кажуць юрысты, страйкавы камітэт паводле закону не можа быць адказчыкам.

«На мой погляд, адказчыкамі ў гэтай справе павінны былі выступаць грамадзяне ці група гэтых грамадзянаў, але не стачкам. Паколькі заканадаўствам не прадугледжаная дадзеная арганізацыя як магчымая прадстаўляць працэсуальныя правы ў судзе», – лічыць адвакат Уладзімір Пыльчанка.

17 і 18 жніўня на «Беларуськаліі» прайшлі забастоўкі, у выніку якіх была спыненая праца трох руднікоў. У тыя дні пад заяваю пра пачатак страйку падпісалася не менш за 6 тысячаў чалавек з 17,5 тысяч работнікаў. Яны вылучалі некалькі патрабаванняў, у тым ліку і працоўныя. Але прадстаўнікі «Беларуськалію» на судзе заявілі, што аб працоўных патрабаваннях яны не ведалі, а страйк называлі «зборышчам».

Эксперты з судовым рашэннем не згодныя.

«Ёсць Канстытуцыя, артыкул 41-ы, дзе ёсць права на страйк. Ёсць Канвенцыя-87 на свабоду аб’яднання і свабоду правядзення, ёсць заключэнне экспертаў МАП, дзе гаворыцца, што працаўнікі могуць праводзіць забастоўкі», – лічыць юрыстка Алена Яськова.

Сябры страйкаму на прысуд адрэагавалі спакойна і сказалі, што яны гатовыя да рэпрэсіяў, якія могуць пачацца ў дачыненні іх пасля судовага рашэння.

Алена Дубовік, «Белсат»