Аб'ектыў 16.02.2019 Беларускай паэткай году стала іспанка


Анхела Эспіноса Руіс – лаўрэатка сёлетняй Стральцоўскай узнагароды. Фота – з «Фэйсбуку» паэткі

У Менску ўрачыста адкрыўся 8-ы міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці паэта Міхася Стральцова. Імя лаўрэата, як звычайна, да апошняга хавалася ў таямніцы, аднак сёлета сталася абсалютнаю нечаканасцю.

Лаўрэатка сёлетняй Стральцоўскай прэміі – маладая паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноса Руіс. Абвяшчэнне ейнага імя ў зале рэстарану «Сёмае неба», дзе праводзіўся паэтычны фестываль, для шмат каго стала нечаканасцю.

«Я заўсёды, калі вывучаю новую мову, спрабую пісаць вершы на гэтай мове. Гэта дае нават не разуменне, а адчуванне гэтай мовы, да якога вельмі цяжка дайсці іншымі шляхамі», – кажа лаўрэатка.

Відэаверсію матэрыялу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 16 лютага:

Традыцыйна, у часе адкрыцця фестывалю прайшла цырымонія ўручэння і адной з найстарэйшых літаратурных прэміяў – «Залаты апостраф» ад часопісу «Дзеяслоў». Сёлета ўзнагародзе – 16 гадоў. У галіне паэзіі адзначылі Васіля Зуёнка. А найлепшаю празаічнаю публікацыяй 2018-га прызналі твор Уладзіміра Сцяпана «пад назвай Букет».

А вось намінацыя «Дэбют» доўга не магла знайсці сваёй пераможцы – у выніку прэміяй адзначылі Марыю Бадзей.

«Нягледзячы на тое, што паэзія паціху перабіраецца ў інтэрнэт – не так папулярныя папяровыя выданні, – паэзія беларуская жыве, і пастаянна з’яўляюцца новыя, цікавыя аўтары», – кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Аўтары новыя, а вось тэмы – тыя ж, вечна актуальныя. Гэта, як адзначае Барыс Пятровіч, каханне, любоў да роднага краю, сатыра ды палітыка.

Уладзімір Някляеў удзельнічаў у наступным блоку, які ўвабраў паэтычную творчасць лаўрэатаў мінулых гадоў ды замежных гасцей з Літвы, Украіны і Швецыі.

«Прэмія гэтая і задумвалася для тых, хто па-рыцарску служыць беларускай паэзіі. Гэта значыць, што ні ў чым, нідзе і ніколі ёй не здраджвае. Што б ні было – са здароўем, з палітыкай, эканомікай, з громам нябесным, з чым заўгодна, – гэта паэт Беларусі, яе вернік!», – заявіў Някляеў.

А таму і імя Міхася Стральцова шмат хто з удзельнікаў імпрэзы называе адным з найважнейшых літаратурных імёнаў.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары