Беларускае пытанне ў Еўразвязе адклалі


Еўразвяз – не мусіць прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліла Святлана Ціханоўская падчас свайго выступу ў Еўрапарламенце. Міністраў замежных справаў, яна заклікала быць больш рашучымі ў прыняцці палітычных рашэнняў. Таксама Ціханоўская папрасіла падумаць над стварэннем міжнароднай кааліцыі, што паспрыяла б дыялогу аб перадачы ўлады паміж Лукашэнкам і Каардынацыйнай радаю.

«Я прашу вас не фінансаваць дыктатарскага рэжыму і пераключаць праграмы з дзяржаўных на недзяржаўныя субʼекты. Таксама папрашу перагледзець партнёрскія дачыненні з дзяржаўнымі арганізацыямі, блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі. І я звяртаюся да вас з просьбай працаваць разам у кірунку свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў», – заявіла былая кандыдатка на прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская.

На сённяшнім парадку дня ў Еўрапарламенце меліся абмеркаваць пытанне беларускіх санкцыяў. Да агульнага рашэння, аднак, пакуль не прыйшлі.

«Пры абмеркаванні гэтага пытання давялося прызнаць, што ў нас не было аднагалоснасці, а без гэтага міністры не могуць прыняць рашэння», – распавёў Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах.

Рашэнне сярод краін-удзельніц абʼяднанай Еўропы ўжо не ўпершыню блакуе Кіпр. Гэтак краіна патрабуе ад Еўразвязу падтрымаць санкцыяў у дачыненні Турцыі. Супраць самых абмежаванняў для беларускіх чыноўнікаў Кіпр нічога не мае, пра што сёння заявіў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў.

«Я сапраўды веру, што ў дыпламатыі няма тупіка. Я гатовы да рэалізацыі палітычнага рашэння, якое мы прынялі падчас нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў Еўразвязу», – сказаў Міністр замежных справаў Кіпру Нікас Хрыстадулідэс.

Да таго ж згоды няма і ў пытанні санкцыяў адносна самога Аляксандра Лукашэнкі. Супраць – выступілі Швецыя і Фінляндыя. Агулам жа ў спісе Еўразвязу прыкладна 40 беларускіх чыноўнікаў, датычных да гвалту ў дачыненні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і фальсіфікацыі выбараў. Свой спіс беларускіх афіцыйных асобаў прапанавала таксама Святлана Ціханоўская. Польшча, Літва і Румынія ж – прапанавалі зрабіць для беларусаў бязвізавы рэжым і сваю дапамогу ў правядзенні рэформаў.

«Цяпер надышоў час для больш адчувальных, ясных дзеянняў, і прынамсі мы можам пайсці на іх і ўвесці санкцыі. Я спадзяюся, што нашыя калегі ў Еўрапейскім Звязе не будуць трымаць Абʼяднаную Еўропу ў нявызначанасці. Надышоў час дзеяць!» – падкрэсліў Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Фармаваць спіс чыноўнікаў, што падпадуць пад абмежаванні, Еўразвяз распачаў праз пяць дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў. Наступнае паседжанне адносна прыняцця рашэння ў Еўрапарламенце плануюць правесці яшчэ на гэтым тыдні.

Юлія Лабанава, «Белсат»