Беларусі танней недабудаваць АЭС, чым прадаць яе электраэнергію

Кола патэнцыйных пакупнікоў электраэнергіі з Беларускай АЭС звужаецца да мінімуму. Пра адсутнасць цікавасці да электрычнасці з Беларусі заявіў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Фінляндыі. Што Менск намераны рабіць з лішкамі энергіі ды як будзе вяртаць 10-цімільярдны крэдыт?

Першы энергаблок Астравецкай АЭС мае пачаць працу праз год. Але куды будуць прадаваць вырабленую ў Беларусі электрычнасць, урад да сёння не кажа. Набываць яе адмовіліся амаль усе заходнія суседзі Беларусі. Учора да іх далучылася і Фінляндыя. Марку Кейнянэн, аддзел вонкавых эканамічных сувязяў МЗС Фінляндыі:

«Цяпер Фінляндыя будуе сваю атамную электрастанцыю – «Олькілуата». Яна мае быць дабудаваная ў найбліжэйшыя гады. Мяркую, што пасля заканчэння гэтага праекту патрэба Фінляндыі ў імпарце электраэнергіі паменшыцца».

Ініцыятарам байкоту Беларускай АЭС сталася Літва. Яна першая заявіла, што не будзе купляць беларускай электрычнасці, бо Менск будуе АЭС у небяспечнай блізкасці да Вільні. Беларусі застаецца экспартаваць толькі на ўсход.

Не будуць купляць энергіі з БелАЭС:

  • Літва
  • Эстонія
  • Польшча

Не зацікаўленыя ў набыцці энергіі:

  • Латвія
  • Фінляндыя

«Сапраўды, магчымасці такія будуць, каб экспартаваць на рынкі Еўразійскай эканамічнай прасторы. Ёсць тэхнічная магчымасць экспартаваць і ва Украіну» – тлумачыць Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца.

Праўда, ці будзе кошт гэтай энергіі прывабным, невядома. БелАЭС будзе вырабляць 18 мільярдаў кілават-гадзінаў – больш за палову таго, што нашая краіна спажывае за год. Улады пастанавілі будаваць АЭС, каб зарабіць на экспарце. Уласная электраэнергія дазволіць скараціць спажыванне расейскага газу на чвэрць, але нават калі расейскага газу трэба будзе набываць менш – беларусам усё адно трэба будзе плаціць Расеі, каб вярнуць 10-цімільярдны крэдыт, узяты на будоўлю АЭС.

Андрэй Ажароўскі, фізік-ядравік і эколаг, Расея:

«Добрым выйсцем было б спыніць гэтую будоўлю, пакуль не позна, бо танней сапраўды будзе недабудаваць і пачаць перамовы (Лукашэнка нават паспрабаваў рухацца ў гэты бок) пра разрыў кантракту».

Спадзяванні на плынь экспартных долараў і аслабленне залежнасці ад Масквы на мяжы зрыву. Дакладна не будзе таннай электраэнергіі для насельніцтва, яна патаннее толькі для прадпрыемстваў. Ці была слушнаю пастанова будаваць АЭС, і каму патрэбная станцыя? Жыхары Гомля:

«Энергія ніколі не бывае лішняя і не будзе. Падключаць заводы, фабрыкі не будуць газ пампаваць!»

«Здароўе грамадзянаў, здароўе нашых дзяцей, будучыня нашай краіны нашмат важнейшыя за дадатковыя энергарэсурсы, якія не патрэбныя нашай краіне!»

«Я думаю, што Расея, абараняючы свае атамныя станцыі, увядзе туды, карыстаючыся гэтай нагодай, свае зенітна-ракетныя ўстаноўкі!»

«Уладам выгадна. Нам – не!»

Тым часам улады шукаюць, куды падзець будучыя лішкі электрычнасці. Плануюць развіваць электратранспарт, награваць электраэнергіяй ваду для ацяплення ды нават будаваць цалкам электрыфікаванае жытло – без газаправодаў і цеплатрасаў. Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца:

«Урад распрацаваў спецыяльную праграму да 2025 года. Гэтая праграма ўлічвае праекты, якія сапраўды будуць рэалізаваныя за гэты час. Яны разлічаныя на тры – тры з паловаю мільярды кілават-гадзінаў. Зноў жа, гэта няшмат».

Праз адсутнасць попыту на электраэнергію Расея ўжо спыніла будоўлю атамнай электрастанцыі ў Калінінградзе. Краіны Еўропы ўзмацняюць свае энергасістэмы не праз пабудову АЭС, а праз павышэнне энергаэфектыўнасці і развіццё аднаўляльных крыніцаў энергіі. Калі ў Беларусі пачнуць будаваць ветракі – невядома, а вось грошы за крэдыт на АЭС трэба пачаць вяртаць ужо праз два з паловаю гады.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама