Беларусі больш не патрэбны крэдыт МВФ?


Беларускі ўрад разам з Міжнародным валютным фондам распрацаваў праграму структурных рэформаў для нашай краіны, паведамляе міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч. Пазіцыі абодвух бакоў у галоўных момантах супалі, не ўдалося дамовіцца толькі пра тэрміны рэалізацыі. Сапраўдная ж прычына зрыву – у агаворцы міністра: Лукашэнка мяркуе, што ў выніку рэформаў беларусаў чакае шок.

«Лукашэнка каментуе гэта як палітык. Ён цудоўна разумее: калі прыступіць да гэтых рэформаў – негатыўныя наступствы прыпадуць на 2019–2020 гады, жыроўкі людзі атрымаюць напярэдадні палітычнае кампаніі, што можа ў сваю чаргу паўплываць на паспяховасць лукашэнкаўскай палітычнай кар’еры» – каментуе Юрый Чавусаў, палітолаг.

Такім чынам, Беларусь з 2009-га года не можа дамовіцца з МВФ пра атрыманне дапамогі. Папярэднія перамовы, якія вяліся летась, скончыліся таксама нічым. Тады Менск дамовіўся з Масквою пра захаванне ільготных коштаў на энерганосьбіты і пра новы крэдыт. У выніку прадстаўнікі Сусветнага банку зрабілі выснову, што толькі пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы падштурхне ўлады Беларусі на правядзенне рэформаў.

«Праводзіць рэформы і перажываць гэтыя шокі трэба. Усе нашыя суседзі і з захаду і з усходу гэта ўжо зрабілі. Чым далей мы цягнем, тым горш будзе ў выніку» – мяркуе Вадзім Іосуб, эканаміст, старэйшы аналітык «Alpari».

Грошы, якіх Беларусь не атрымае ад МВФ, будуць шукаць на кітайскім і расейскім рынках. Менск збіраецца ў сярэднетэрміновай перспектыве размясціць там «суверэнныя аблігацыі» на суму два мільярды долараў. Эканаміст Леанід Злотнікаў:

«У любым выпадку грошы МВФ самыя танныя. Астатняе ўсё даражэй, а значыцца – і горш для Беларусі. І я не думаю, што ў Расеі ў бліжэйшыя год-два можна нешта там размясціць».

Але ці адныя крэдыты, без хуткіх рэформаў, сапраўды дапамогуць? Дзяржаўны сектар, які ў нашай краіне генеруе шэсцьдзесят адсоткаў прыбыткаў камерцыйных арганізацыяў і адказвае за 75 адсоткаў усёй прамысловай вытворчасці, адначасова адказны за 75 адсоткаў усіх пратэрмінаваных пазыкаў у першым паўгоддзі. А таксама за 85 адсоткаў ад агульнага абʼёму пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах. У выпадку рэформаў большасці работнікаў з гэтых прадпрыемстваў давядзецца або вучыцца, або шукаць новую працу. Вадзім Іосуб, эканаміст, старэйшы аналітык «Alpari»:

«З гэтага пункту гледжання і нашым уладам, і тым, хто атрымлівае заробкі на такіх прадпрыемствах, камфортней, каб нічога не змянялася. Ім гэтыя шокі непатрэбныя. Але ў адсутнасці гэтых шокаў нашая эканоміка і надалей будзе скачвацца ўніз».

Урад сам паставіў сабе заданне. Да 2025-га года дасягнуць абʼёму валавога ўнутранага прадукту на ўзроўні ста мільярдаў долараў з сённяшніх 54-х. Ці можна будзе гэтага дасягнуць без шокаў для насельніцтва, пакажа час.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: REUTERS/ Yuri Gripas / FORUM