Беларусаў узнагародзілі ў Лас-Вегасе за VR-пальчатку


Віртуальная рэальнасць становіцца ўсё больш рэальнай. У Лас-Вегасе праходзіць найбуйнейшая выстава спажывецкай электронікі «CES 2020». У ёй беларусы не проста бяруць удзел, але нават атрымалі ўзнагароду за ўнікальную распрацоўку.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Кампанія з беларускімі каранямі «TESLASUIT» трэці год прыязджае на выставу CES у Лас-Вегасе. Гэтак, летась яны атрымалі ўзнагароду за касцюм для віртуальнай рэальнасці. А сёлета ўзялі чарговы прыз!

«Мы прывезлі і паказваем нашую пальчатку. Пальчатка дазваляе па-новаму адчуць віртуальную рэальнасць, віртуальныя абʼекты. Дазваляе дакрануцца да абʼекту, адчуць яго пругкасць і тэкстуру. Дадаткова рэпрэзентуем біяметрычныя сэнсары, якія дазваляюць вымяраць і ціск у крыві», – распавядае CRO «TESLASUIT» Дзмітрый Міхальчук.

Агулам жа дэвайс дазваляе вымяраць да 82 медычных параметраў. Стэнд кампаніі карыстаецца вялікай папулярнасцю, бо віртуальная рэальнасць, для якой беларусы ствараюць касцюм і пальчаткі, ёсць адным з самых перспектыўных тэхналагічных трэндаў будучыні.

Яшчэ адзін важны кірунак – электрычныя аўты. Так «Mercedes» паказаў футурыстычны канцэпт «Vision AVTR». Ён цалкам аўтаномны і можа праехаць 700 кіламетраў па адным ладаванні. Дызайнеры натхняліся фантастычным фільмам «Аватар» і канцэпцыяй тэхналагічнага яднання з прыродай.

«Галоўныя дызайнеры з «Mercedes» распрацоўвалі шмат аўтаў для ўсіх чатырох фільмаў «Аватар». І цяпер яны стварылі нешта сваё. Ім падабаецца гэты праект, ім удалося абʼяднаць колеры, крывізну, прыродныя якасці, якія ёсць часткай філасофіі. Па-мойму, гэта вельмі крута!» – дадае вядомы рэжысёр Джэймс Кэмэран.

А кампанія «Hyundai Motor» разам з перавозчыкам «Uber» паказала ўласнае бачанне свету аэратаксовак. Чай Ўон Сін, кіраўнік аддзелу гарадской аэрамабільнасці, «Hyundai Motor», кажа:

«Я з гонарам прэзентую вам наш канцэпт электроннага самалёта. Ён можа перавозіць да чатырох пасажыраў з пілотам і ідэальна пасуе для пералётаў у горадзе, але можа таксама абслугоўваць жыхароў сельскай мясцовасці».

Паўднёвакарэйская кампанія разлічвае запусціць камерцыйныя палёты на ўласнай таксоўцы ў 2028 годзе. Што ж да трэндаў, якія ўжо прыйшлі, то тут пануюць дысплэі. Гнуткія для дому і мабільных прыладаў, а таксама звычайныя вельмі вялікіх фарматаў і разрознення.

«Гэта наш 292-цалёвы модульны Майкра-ЛЭД-дысплэй пад назвай «Сцяна». Ён цалкам модульны і дае карыстальніку магчымасць вызначаць, наколькі вялікі і шырокі ён будзе», – тлумачыць Джэйсан Барук з кампаніі «Samsung».

Таксама буйныя кампаніі і невялікія стартапы не забыліся пра мінулагоднія трэнды і традыцыйна дэманстравалі шматлікія варыяцыі на тэму робататэхнікі, медыцыны і тэхналогіі штучнага інтэлекту.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu