Беларусаў раззлаваў участак Дэпард'ё ад Лукашэнкі за бесцань


Сяброўства Аляксандра Лукашэнкі з акторам Жэрарам Дэпард’ё распачалося з іхнай сустрэчы ў ліпені 2015 года. Фота – president.gov.by

Жэрар Дэпард’ё атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі надзел зямлі на Менскім моры па ільготным кошце, амаль бясплатна. Ці будзе французскі актор будавацца і жыць у элітным катэджным комплексе побач са славутымі спартоўцамі, пакуль невядома. Але інфармацыя ўжо выклікала абурэнне грамадзянаў Беларусі, бо набыць свой кавалак зямлі побач са сталіцай – недасяжная мара для большасці.

Вёска Лапаравічы – сапраўды дарагое месца. Да Менску ехаць 10–15 хвілінаў, навокал прырода і сучасныя катэджы. Тут, на вуліцы Спартовай, з’явіўся новы земляўласьнік – актор Жэрар Дэпард’ё, грамадзянін Расеі французскага паходжання. Як высветліў партал «Tut.by», у панядзелак у Папярнянскім сельсавеце мясцовыя ўлады падпісалі з Жэрарам Дэпард’ё дамову арэнды ўчастку 15 сотак для будаўніцтва дому. Арэнда на 99 гадоў за смешныя грошы – Br 132,96 або $ 64,37 за год.

«Калі б у Дэпард’ё была патрэба ў нерухомасці ў Менску ці пад Менскам, ён бы мог знайсці грошы. Такія ўчасткі адназначна павінныя выстаўляцца на аўкцыён. Думаю, пустая зямля там бы каштавала 100–300 тысяч долараў«, – ацэньвае галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Жэрар Дэпард’ё будзе суседам біятланісткі Дар’і Домрачавай, вядомых футбалістаў, у тым ліку паўабаронцы нацыянальнай зборнай Аляксандра Глеба. Як прыгадвае Ягор Марціновіч, Глеб набыў у Лапаравічах гатовы дом з надзелам за $ 750 тысяч. А Дэпард’ё атрымаў зямлю за бесцань паводле асабістага загаду Аляксандра Лукашэнкі.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 жніўня

Вось што мяркуюць жыхары Менску:

«Калі ён будзе ўкладваць грошы ў беларускую эканоміку, то добра. Калі не, то не«.

«Чалавек, які ўхіляецца ад падаткаў у роднай краіне, прыяжджае ў чужую краіну, і яшчэ яму тут выдаюць нешта«.

«Беларускаму народу нічога не вылучаюць, а чаму нейкім знакамітасцям вылучаюць?»

«Не ведаю, чым ён заслужыў у Беларусі такі гонар і такую прывілегію».

Дэпард’ё займеў расейскі пашпарт, калі на Радзіме яго абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў. Пра жаданне жыць у беларускай вёсцы сярод земляробаў ён абвесціў 4 гады таму, калі касіў траву з Лукашэнкам у Астрашыцкім гарадку. Уладальнік гандлёвых марак, вінаграднікаў і рэстаранаў не раз хваліў кіраўніка Беларусі, у тым ліку за так званы «падатак на дармаедства«.

Прэстыжней за Лапаравічы толькі пасёлак Дразды побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі.

«Мы ў «Нашай Ніве» вядзем спіс усіх, хто атрымліваў бясплатныя надзелы ад дзяржавы, цяпер там каля 115 чалавек. Большасць – чыноўнікі, Ярмошына, яшчэ хтосьці, ёсць некалькі бізнесменаў, некалькі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, скажам так», – пералічвае Ягор Марціновіч.

Усіх іх аб’ядноўвае лаяльнасць да ўладаў.

«Аляксандр Лукашэнка для сваіх людзей, для свайго атачэння фактычна ўвёў інстытут прыватнай уласнасці на зямлю, за кошт астатніх падаткаплацельшчыкаў. Я ўжо сказаў, што гэта не што іншае, як прыкрытая карупцыя», – мяркуе кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Час ад часу прыхільнікі моцнай дзяржавы выстаўляюць атрыманыя маёнткі на продаж. Кошт $ 300–700 тыс.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»