Беларусаў не зламіць


Але як адзначаюць шмат якія ўдзельнікі ўчорашніх падзеяў, жорсткая зачыстка не здолела збіць рашучасці людзей. Тым часам, у інтэрнэце і не толькі разлятаецца адно з галоўных пытанняў, на якое чакаюць адказ уладаў: «Дзе Мікола Статкевіч?». Пра месцазнаходжанне палітыка нічога не вядома ўжо больш за тры дні.

Хацелі святкаваць, але жыццё прымушае пратэставаць. І ўсё ж шмат хто на Дзень Волі ішоў перадусім у святочным урачыстым настроі. Сярод іх і пенсіянерка Ніна Багінская.

Ніна Багінская, удзельніца Дня Волі:

«Мы хадзілі на Дзень Волі, толькі складалі пратаколы і штрафавалі нас за гэта, а сёлета яны ўвогуле забаранілі наша нацыянальнае свята, якое мы шануем з пачатку адраджэння нашай дзяржавы».

Як і штогод у гэты дзень Ніна Багінская прыйшла на марш з бел-чырвона-белым сцягам ды бараніла нацыянальны сімвал так, што АМАПаўцы не здолелі яго адабраць. 70-гадовую жанчыну затрымалі, а калі вызвалілі – яна ізноў сёння выйшла на Кастрычніцкую плошчу, каб пратэставаць супраць свавольства сілавікоў.

«Пабегаць» ад сілавікоў давялося ў Дзень Волі і перанесшаму інфаркт 80-гадоваму паэту, што разам з дачкою прыйшоў у цэнтр сталіцы, каб ад святкаваць 99 угодкі абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Але замест свята пабачыў брутальнае затрыманне ўдзельнікаў акцыі.

Ян Грыб, удзельнік Дня Волі:

«У мяне сэрца не вытрымала, я пацягнуў дачушку за сабою, падышоў да афіцэра і кажу: «Як вас носіць зямля? Вы ж кажу, фашысты! А ён на мяне такім жэстам і кажа: Узяць – ФАС!»

На пенсіянера з тростачкай накінуліся тры АМАПаўцы і літаральна занеслі ў аўтазак, а калі адтуль пачалі выгружаць затрыманых, Ян Грыб улучыў момант і збег.

Затое пераслед і затрыманні зазналі, бадай, усе лідары апазіцыі.

Маглі зладзіць буйны пратэст даўнія апаненты ўладаў – былыя кандыдаты на прэзідэнцтва, але яны на Дзень Волі не трапілі. Пра Міколу Статкевіча ўжо трэці дзень няма звестак. Як мяркуе ягоны паплечнік Уладзімір Някляеў, Статкевіча затрымалі і на яго завялі крымінальную справу. Сам жа Някляеў, якога затрымалі ў Берасці напярэдадні Дня Волі, перанёс гіпертанічны крыз і цяпер знаходзіцца ў шпіталі. У якім менавіта – не цяжка здагадацца, бо толькі побач з гэтым – столькі міліцэйскіх машын і патрулёў.

Не паўдзельнічалі ў Маршы і арыштаваныя раней у Маладзечне на 15 дзён лідары арганізацыяў, што падавалі сталічным уладам заяўку на правядзенне Дня Волі. Іх вызвалілі 25 сакавіка ўвечары – ужо па сканчэнні акцыі. Па вяртанні ж дадому Анатоль Лябедзька атрымаў на пятніцу чарговую позву ў суд.

Беларусы ж, нягледзячы на жорсткія затрыманні і пераслед, падобна, тым разам не збіраюцца саступаць уладам.

Вольга Старасціна, belsat.eu