Беларусаў чакаюць ва Узбекістане. Лукашэнка ў «краіне дыняў»


Кіраўнік Беларусі паляцеў ва Узбекістан. Сёння Аляксандр Лукашэнка паспеў ускласці кветкі да помніку Ісламу Карымаву і манументу ўзбекскай незалежнасці. А на заўтра запланаваныя перамовы з Шаўкатам Мірзіёевым – тэт-а-тэт і ў складзе дэлегацыяў.

Вы яшчэ не былі ў Ташкенце? А там нас чакаюць. Прынамсі, дзяржаўныя тэлеканалы абяцаюць павелічэнне беларускага турызму ва Узбекістан, а ўзбекскага – да нас. І «Белавія» разлічвае зрабіць 4 рэйсы ў Ташкент на тыдзень замест 2. Але што ж там ва Узбекістане? Жыхары Магілёва:

«Цёпла, добрыя людзі, пакладзістыя. Служыў з імі».

«Краіна, дзе дыні, горы, зялёная гарбата».

«Мабыць, у іх ёсць узбекская кухня, а я люблю добра паесці. Пахадзіць».

«Бавоўна, вінаград, дыні там растуць».

Паводле Міністэрства замежных справаў, беларуска-ўзбекскі тавараабарот за паўгода значна вырас і дасягнуў амаль $ 100 млн. З Беларусі туды едуць трактары, седлавыя цягачы, цукар, лес і лекі. З Узбекістану да нас – сыравіна і паўфабрыкаты бавоўны, палімеры этылену, сушаная садавіна і арэхі. Рост замежнага гандлю – вынік змены ўлады, калі памерлага Іслама Карымава замяніў Шаўкат Мірзіёеў, які прынамсі спачатку дадаў эканамічных свабодаў у дзяржаўную сістэму. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка (13 чэрвеня 2018 г.):

«За апошні год, а можа, трохі больш, калі браць новую эпоху, як я часта кажу свайму сябру Шаўкату, мы ў беларуска-ўзбекскіх стасунках зрабілі значна больш, чым за папярэднія 20 гадоў».

Медыясвіта, якая абслугоўвае візіт Лукашэнкі ў Ташкент, анансуе новыя эканамічныя прарывы і падпісанне пакету дакументаў аб пашырэнні супрацы ў розных сферах. І сумесныя прадпрыемствы ў машынабудаўніцтве, фармацэўтыцы і аграпрамысловым комплексе. Напрыклад, Беларусь прапаноўвае праграму будаўніцтва бульбасховішчаў ды іншых складоў для гародніны. Калі Шаўкат Мірзіёеў быў у Менску, то казаў пра больш сур‘ёзныя рэчы: лёгкая і цяжкая прамысловасць, інфармацыйныя тэхналогіі, ваенна-тэхнічная супраца. Яраслаў Раманчук, які толькі што вярнуўся з Узбекістану, лічыць гэтую краіну перспектыўным рынкам збыту беларускіх тавараў і тэхналогіяў.

«Цікава, што Узбекістан мае вельмі добрыя стасункі з Паўднёвай Карэяй і Ізраілем. І калі гэтая краіна раскрыецца і зробіць крокі на шляху эканамічных свабодаў, права ўласнасці і вольнага гандлю, то яна можа стаць лакаматывам рэгіёна» – кажа Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Але ў Беларусі і Узбекістану ёсць агульныя праблемы, наўпрост звязаныя з аўтарытарнай сістэмай кіравання. Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Праблема нерэфармаванага дзяржсектару, прыватызацыі, няма добрых умоваў для прадпрымальніцтва».

Шаўкат Мірзіёеў – не малады рэфарматар, гэта чалавек, які 13 гадоў быў прэм‘ер-міністрам пры Карымаве. Пры ім з’явілася арганізаваная злачынная група, у якую ўваходзіць дачка памерлага прэзідэнта Гульнара Карымава, і якая вывела актывы на 1 мільярд 400 мільёнаў долараў. І стыль кіравання Мірзіёева застаўся такім жа. Алішэр Ільхамаў, эксперт па Цэнтральнай Азіі, Лондан (24 лютага 2017 г.):

«Мы бачым старыя метады: публічныя поркі, указанні кожнаму, што трэба рабіць».

А беларусы добра ведаюць: селектарныя нарады і сапраўдная лібералізацыя эканомікі несумяшчальныя. І дзяржава, дзе актывы размеркаваныя між набліжанымі да трона людзьмі, можа быць эканамічна адкрытай толькі часова.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Відэа: president.gov.by